МНС і Белгідрамет абвесцілі штармавое папярэджанне
1- 30.06.2025, 15:17
- 7,130
Стыхія разгуляецца ў чатырох абласцях.
Міністэрства ў надзвычайных сітуацыях (МНС) Беларусі абвясціла на аўторак, 1 ліпеня, чарговае штармавое папярэджанне. Так, у чатырох з шасці абласцей чакаецца "неспрыяльная метэаралагічная з'ява", звязаная з навальніцамі і ўзмацненнем ветру. Чакаецца, што непагадзь будзе лютаваць у Віцебскім, Магілёўскім, Гомельскім і Мінскім рэгіёне.
Згодна з інфармацыяй выратавальнага ведамства, на Віцебшчыне 1 ліпеня прагназуецца моцны вецер, навальніца і тэмпература ад +19°С да +24°С. На Магілёўшчыне ў першы дзень другога месяца лета жыхароў таксама чакае моцны парывісты вецер, навальніца і ўсё тыя ж +19..+24°С. Тое самае, папярэдзілі ў МНС, пагражае астатнім двум рэгіёнам — Гомельскай і Менскай абласцям. А вось паўднёваму захаду Беларусі пашанцавала: там ніякіх буянстваў 1 ліпеня не чакаецца. Прынамсі, пакуль.
Што сказалі ў Белгідрамеце?
У Белгідрамеце пацвердзілі інфармацыю пра штармавое папярэджаннеі і дадалі, што 1 ліпеня надвор'е ў Беларусі будзе фармаваць “вобласць падвышанага атмасфернага ціску”. Пераважна без ападкаў, толькі ў паўночна-ўсходніх раёнах магчымыя кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Уначы слупок тэрмометра апусціцца да адзнакі +9..+14°С, а днём паднімецца да +19..+25°С.