У Кемераўскай вобласці РФ шахта з амаль 1000 супрацоўнікаў спыніла працу
11- 30.06.2025, 20:12
- 5,856

Праз адсутнасць грошай.
У Кемераўскай вобласці спыніла працу адна з буйных шахтаў – «Спірыдонаўская», на якой працавалі 900 супрацоўнікаў, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на Міністэрства вугальнай прамысловасці рэгіёну. На прадпрыемстве ўдакладнілі, што запазычанасць у заробку, адпачынкавых і разліковых выплатах складае блізу 90 млн рублёў, а здабычу спынілі яшчэ ў пачатку чэрвеня праз адсутнасць фінансавання.
У канцы траўня кіраўніцтва шахты прыняло пастанову звольніць 760 працаўнікоў на фоне «дэфіцыту інвестыцыйных сродкаў», паведаміў прадстаўнік «Спірыдонаўскай». Да канца чэрвеня звольнілася блізу 120 чалавек. Блізу 130 чалавек цяпер задзейнічаныя для жыццезабеспячэння шахты, на якой з пачатку года здабылі прыкладна 214 тысячаў тонаў вугалю.
У мінулую пятніцу першы намеснік губернатара і кіраўнік ураду Кузбаса Андрэй Паноў паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што супрацоўнікі «Спірыдонаўскай» не атрымлівалі заробак больш за месяц. Да гэтага чыноўнік даў справаздачу, што з 151 вуглездабыўнага прадпрыемства ў рэгіёне 20 знаходзяцца на мяжы банкруцтва.
«Сёння ва ўмовах крызісу вугальнікі вымушаныя ў літаральным сэнсе выжываць, задзейнічаючы ўсе магчымыя рэсурсы і скарачаючы выдаткі, падвышаючы прадукцыйнасць. У некаторых выпадках даводзіцца пераводзіць супрацоўнікаў у прастой або скарачаць», – наракаў ён.
«Спірыдонаўская», якая аднавіла працу ў 2023 годзе, давала справаздачу залетась пра 1,5 млрд рублёў выручкі і 422 млн рублёў чыстай страты паводле РСБУ. У 2024-м страта павялічылася ў чатыры разы і дасягнула 1,8 млрд рублёў (выручка вырасла да 2,2 млрд рублёў).
Толькі ў 2024 годзе ў Кузбасе спыніліся восем шахтаў, амаль пяцьсот супрацоўнікаў не атрымлівалі заробак некалькі месяцаў, паведамляў кемераўскі губернатар Ілля Сердзюк у лютым 2025-га. На шэрагу прадпрыемстваў скарацілі персанал. Так, на шахце «Інская» былі звольненыя блізу 250 чалавек, заяўляў у студзені міністр вугальнай прамысловасці рэгіёна Алег Токараў.
Вугляпрам Кузбаса, паводле афіцыйных звестак, забяспечвае амаль 60% агульнарасейскай здабычы каменнага вугалю, блізу 80% коксам вуглёў і 100% асабліва каштоўных марак. У галіне працаўладкаваныя больш за 110 тыс. чалавек, ці больш за 70% ад агульнай колькасці супрацоўнікаў вугальнай прамысловасці Расеі.