Кітай выціскае Расею з Кубы
12- 30.06.2025, 20:43
- 8,020

Востраў перажывае глыбокі эканамічны крызіс.
Кітай узмацняе эканамічную прысутнасць на Кубе, выцясняючы Расею, адзначае Reuters. На фоне энэргетычнага калапсу на востраве Кітай плануе рэалізаваць 55 новых праектаў у сферы сонечнай энэргетыкі. Кітайскія караблі ўжо прыбылі ў порт Марыэль з сонечнымі панэлямі, запчасткамі і палівам. Першапачаткова меркаваўся ўдзел Расеі ў гэтых ініцыятывах, аднак большая частка расейскіх праектаў так і не была рэалізаваная.
Куба перажывае глыбокі эканамічны крызіс: краіна сутыкаецца з нястачай харчавання, паліва і медыкаментаў, шматгадзіннымі адключэннямі электраэнэргіі, скарачэннем турплыні і экспарту. Сітуацыя пагаршаецца санкцыямі, уведзенымі адміністрацыяй Дональда Трампа. Стан кубінскай энэргасістэмы крытычны: за апошні год нацыянальная электрасетка чатыры разы выходзіла з працы, пакідаючы мільёны людзей без святла і паралізуючы працу школаў і прадпрыемстваў. Чакаецца, што ўвод у эксплуатацыю кітайскіх сонечных станцый істотна павялічыць генеравальныя магутнасці, практычна пакрыўшы дзённы дэфіцыт электраэнэргіі і дазволіўшы скараціць выдатак паліва для начнога энэргазабеспячэння.
Расея яшчэ два гады таму абяцала Кубе значную падтрымку. У траўні 2023 года віцэ-прэм'ер Дзмітрый Чарнышэнка браў удзел у цырымоніі адкрыцця найбуйнейшага на востраве сталеліцейнага завода, адноўленага на сродкі расейскага крэдыту $100 млн. Аднак, нягледзячы на ўрачыстую цырымонію, вытворчасць так і не была запушчаная: вострая нястача паліва і электраэнэргіі паралізавала прамысловасць па ўсім востраве.
Падчас таго візіту было падпісана не менш за восем пагадненняў паміж расейскімі і кубінскімі структурамі – пра пастаўкі пшаніцы, адкрыццё супермаркета «Русмаркет» у Гаване, рэстаўрацыю гістарычнай архітэктуры і супрацоўніцтва ў сферы штучнага інтэлекту. Таксама быў прэзентаваны праект аднаўлення курортнага пасёлка Тарара пад Гаванай. Аднак большасць ініцыятываў засталіся на паперы: будынкі ў Тарары па-ранейшаму закінутыя, «Русмаркет» так і не адчыніўся, гандлёвы цэнтр Yumuri часткова пустуе, а рэстаўрацыя царквы Санта-Анхель застопарылася.
З 2018 года Куба ўдзельнічае ў кітайскай ініцыятыве «Адзін пояс, адзін шлях». З тых часоў Пекін інвеставаў у ключавыя аб'екты – транспартную, партовую і тэлекамунікацыйную інфраструктуру. На фоне няздольнасці Масквы вылучаць крэдыты Расея страчвае статус асноўнай знешнеэканамічнай партнёркі Кубы. На думку прафесара Амерыканскага універсітэта Уільяма ЛеаГрандэ, кітайскія інвестыцыі могуць згуляць ролю «выратавальнага кола» для кубінскай эканомікі.
Фултан Армстранг, былы супрацоўнік Нацыянальнай выведкі ЗША ў Лацінскай Амерыцы, мяркуе, што ўкладанні Расеі і Кітая недастатковыя для пераадолення структурных праблемаў. «Гавана не можа спадзявацца на чароўную таблетку ні ад Масквы, ні ад Пекіна, – заявіў ён. – Толькі магутная плынь гандлю і інвестыцый з Кітая магла б стабілізаваць сітуацыю, але гэта малаверагодна».
Умовы фінансавання як кітайскіх, так і расейскіх праектаў застаюцца ў значнай ступені непразрыстымі. Няясна, ці ажыццяўляецца падтрымка праз дзяржаўныя банкі, прыватныя кампаніі ці іншыя механізмы, а таксама як менавіта Куба будзе разлічвацца ў гэтых абавязальніцтвах. Раней Расея вылучыла Гаване адтэрміноўку ў выплатах крэдыту 2015 года памерам €1,2 млрд, дадзеным на будаўніцтва дзвюх электрастанцый – «Максіма Гомес» і «Усходняя Гавана». А ў 2014 годзе прэзідэнт Уладзімір Пуцін спісаў Кубе $32 млрд завінавачанасці.