У Беларусі адкрываецца паляванне на мядзведзя
22- 30.06.2025, 21:39
- 8,420

Каля ста гадоў у краіне нельга было чапаць гэтага чырванакніжнага звера.
З 1 ліпеня ў Беларусі можна будзе падстрэліць мядзведзя. Раней паляванне на гэтую жывёлу было забароненае.
«Адкрыццё палявання на мядзведзя звязанае з рэзкім ростам яго колькасці і з мэтай выключэння канфліктных сітуацый паміж зверам і насельніцтвам», – паведамілі ў Мінлясгасе.
Пад прыцэл могуць патрапіць жывёлы любога полу і ўзросту.
Паляваць можна цягам дня з засады, з падыходу ў прысутнасці кіраўніка палявання. Пры гэтым можна выкарыстоўваць:
наразную паляўнічую зброю
гладкаствольную паляўнічую зброю не менш за 16 калібр з выкарыстаннем патронаў, забяспечаных куляй
паляўнічых сабак: пароды на пастанову карыстальніка паляўнічых угоддзяў.
Яшчэ адзін нюанс: стаж у паляўнічага павінен быць не меншы за тры гады.
Здабыча мядзведзя прадоўжыцца да 31 снежня.
Колькі каштуе такое задавальненне
Вызначаны наступны мінімальны лімітавы кошт дазволу на здабычу мядзведзя:
для грамадзянаў Беларусі і краінаў Еўразійскага эканамічнага звязу (ЕАЭС) – Br500
для грамадзянаў іншых замежных дзяржаваў – Br1000.
Дадаткова кожнаму паляўнічаму трэба будзе заплаціць за пуцёўку не менш як Br5.
Раней кіраўнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Аляксандр Казарэз паведаміў, што ў Беларусі значна вырасла колькасць мядзведзяў.
Паводле звестак на 2023 год, па ўсёй краіне зарэгістравана 700 асобінаў. Для параўнання, у 2003 годзе іх было толькі 150.
Прадстаўнік міністэрства ўказаў, што рост колькасці драпежнага звера звязаны з дзейнасцю паляўнічых гаспадарак, а таксама з аховай угоддзяў і паляпшэннем кармавых умоваў.
Нагадаем, што мядзведзь унесены ў Чырвоную кнігу. Паляванне на яго ў Беларусі было забароненае амаль цэлае стагоддзе.