Вецер валіў дрэвы і зрываў дахі ў Гомельскай вобласці
- 4.06.2025, 9:28
- 3,972

У МНС расказалі пра наступствы стыхіі.
Моцны вецер, які шалеў на Гомельшчыне 3 чэрвеня, паваліў 142 дрэвы, паведамілі ў МНС.
На раніцу 4 чэрвеня, паводле аператыўных звестак ратавальнікаў, праз залеву і вецер з парывамі 15-20 метраў за секунду зафіксавана 134 падзенні дрэў у Гомелі, шэсць у Рэчыцкім раёне і па адным у Ельскім і Лельчыцкім раёнах. Дрэвамі пашкоджаныя шэсць аўтамабіляў у абласным цэнтры.
Акрамя таго, пацярпелі дахі дзесяці будынкаў: двух будынкаў у Лельчыцкім раёне і па чатыры ў абласным цэнтры і Рэчыцкім раёне. Пацярпелых няма.
"Работнікі МНС дзесяць разоў прыцягваліся на прыборку і распілоўку паваленых дрэў. У населеных пунктах вобласці фіксаваліся кароткатэрміновыя адключэнні электраэнэргіі", - паведамілі ратавальнікі.
Нагадаем, напярэдадні на Гомель абрынуўся моцны лівень з градам.