Названыя самыя экалагічныя раёны Менска
1- 4.06.2025, 10:00
- 3,762

Не ўсе раёны аднолькава зялёныя.
Азеляненне Менска па выніках 2024 года дасягнула 42,32% пры норме 40%. Пры гэтым самы зялёны раён сталіцы — Партызанскі, а менш за ўсё зеляніны ў Кастрычніцкім. Пра гэта піша Tochka.by.
Калі казаць пра чысціню паветра, то больш за ўсё забруджвальных выкідаў фіксуюць у Заводскім, Фрунзенскім і самым зялёным Партызанскім раёнах. На гэтых тэрыторыях размешчаны асноўныя прамысловыя прадпрыемствы. Пры гэтым 80% забруджвальных выкідаў прыпадаюць на аўтамабілі і толькі 20% — на прадпрыемствы. Агулам жа стан атмасфернага паветра сталіцы ацэньваецца як добры і вельмі добры.
«Агульны валавы выкід на тэрыторыі Менска за апошнія тры гады скараціўся на 13,4 тысячы тон і паводле вынікаў 2024-га склаў 90 тысяч тон», — адзначыла намесніца старшыні Менскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Дубік.
Вадаёмы Менска паводле гідрахімічных паказчыкаў ацэньваюцца таксама нядрэнна: стан ракі Свіслачы добры, Лошыцы — прымальны.
«У мэтах зніжэння ўплыву ачышчальных збудаванняў на раку Свіслач цяпер рэалізуецца праект рэканструкцыі Менскай ачышчальнай станцыі, які дазволіць палепшыць характарыстыкі вычышчаных сцёкавых вод, якія паступаюць у раку», — расказала чыноўніца.
Што тычыцца яшчэ аднаго экалагічнага паказчыка — адкідаў, — то Менск штогод мае блізу 900 тысяч тон камунальных адкідаў і амаль 3 млн тон адкідаў вытворчасці.