У цэнтры Масквы ўзброеныя людзі выкралі прадпрымальніка, які абразіў чачэнцаў
- 4.06.2025, 10:07
- 10,628

Яму ніхто не дапамог.
Увечары 3 чэрвеня на Яраслаўскім вакзале ў цэнтры Масквы ўзброеныя мужчыны ў чорным схапілі чалавека і запіхнулі яго ў багажнік “Мэрсэдэса” з мігалкай і нумарамі серыі АМР, якія часта выкарыстоўваюць сілавікі, паведаміла Baza.
Са слоў відавочцаў, выкрадзены крычаў, што яго схапіла не паліцыя, і клікаў на дапамогу, але яму ніхто не дапамог. Пасля гэтага паліцыянты паспрабавалі затрымаць машыну выкрадальнікаў, але яны ўцяклі ад пераследу. Пазней "Мэрсэдэс" быў спынены ў раёне Кіеўскай шашы, за тры кіламетры ад МКАДа, аднак выкрадзенага чалавека ў ёй ужо не было, расказалі дасведчаныя крыніцы Baza. Пры гэтым сам “Мэрсэдэс” з нумарамі серыі АМР дагэтуль суправаджаў аўто Саідахмеда Эльдарбіева, якога раней у СМІ называлі блізкім да кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадыраву чалавекам і нават яго памочнікам.
Паводле звестак "Осторожно, новости", выкрадзеным быў 39-гадовы Арэг Шчэпіхін, які раней насіў прозвішча Аганесян. Мужчына жыве ў Хімках і называе сябе бізнэсоўцам, героем Расеі і топ-мэнэджарам. Сярод іншага ён быў удзельнікаў конкурсу “Расея - краіна магчымасцяў”, на якім прадставіў дадатак для стварэнні новых вобразаў для людзей, а таксама заснаваў партыю “Новы рускі свет", каб навучыць маладых людзей зарабляць грошы. Перад тым, як яго выкралі, Шчэпіхін запісаў некалькі відэаролікаў, на адным з якіх “абразіў чачэнскі народ, Алаха і Каран”. На відэа звярнулі ўвагу чачэнскія блогеры. Яны распаўсюдзілі іх, запатрабаваўшы знайсці і пакараць мужчыну. Са слоў маці Шчэпіхіна, ён стаў рэзка негатыўна ставіцца да мусульман з-за вайны ў Карабаху, падчас якой Азербайджан атрымаў поўны кантроль над рэгіёнам.
Управа на транспарце МУС Цэнтральнай федэральнай акругі паведаміла, што “падчас маніторынгу сацыяльных сетак выяўлена публікацыя аб супрацьпраўных дзеяннях у дачыненні да чалавека на Яраслаўскім вакзале". Пасля гэтага паліцыя пачала праверку таго, што адбылося. Паводле звестак тэлеграм-канала “112”, раніцай затрыманы “Мэрсэдэс” быў дастаўлены да Яраслаўскага вакзала, дзе пачаліся следчыя дзеянні. Самога Шчэпіхіна ў машыне няма, дзе ён знаходзіцца — невядома.