Мікалай Статкевіч стаў лаўрэатам прэміі Сацінтэрна
9- 4.06.2025, 20:12
- 6,382

Лідар беларускай апазіцыі - адзін з сімвалаў барацьбы за дэмакратыю ў свеце.
Рада Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу прыняла пастанову ўзнагародзіць лідара беларускай апазіцыі, палітвязня, кіраўніка партыі «Народная Грамада» Мікалая Статкевіча прэміяй імя Хасэ Франсіска Пенья Гомэса.
На пасяджэнне Сацінтэрна ў Стамбуле, якое прайшло 23 -25 траўня, прэмію ўручылі двум лідарам арганізацыі, якія з'яўляюцца палітычнымі вязнямі — Мікалаю Статкевічу з Беларусі і Тэмірлану Султанбекаву з Кыргызстана.
«Невядома, як пайшла б рэвалюцыя ў 2020 годзе, калі б Статкевіч заставаўся на волі. Можа, наша рэвалюцыя ператварылася б у рэальны супраціў і рух руйнавання рэжыму», — заявіў a target="_blank" href="https://racyja.com/by/palityka/mikalaj-statkevic-znachodzicca-5-hod-za-kratami-i-amal-3-u-rezyme-inkamunikadu/">«Радыё Рацыя» в.а. старшыні «Народнай Грамады» Яўген Вільскі.
Нагадаем, лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020-га года, пяць гадоў таму, за два месяцы да «выбараў».
Праз 1,5 года, у снежні 2021 года, яго асудзілі на 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму. Палітвязень адбывае пакаранне ў Глыбоцкай калоніі. З лютага 2023 года пра яго няма ніякіх звестак.
Мікалай Статкевіч утрымліваецца ў калоніі ў максімальна жорсткіх умовах: палітыка трымаюць у адзіночнай камеры ў небяспечных для здароўя ўмовах. У зняволенні Мікалай Статкевіч некалькі разоў перахварэў на COVID-19.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна запатрабавала ад беларускіх уладаў зняпраўдзіць атрыманую ад некалькіх крыніц інфармацыю аб магчымай смерці ў турме Мікалая Статкевіча.
«Пакажыце Міколу Статкевіча, калі ён жывы, самаму блізкаму і роднаму чалавеку — Марыне Адамовіч. Дазвольце ім спатканне ці хаця б відэазванок!
У адваротным выпадку ваша маўчанне будзе азначаць, што крыніцы маюць рацыю і на сумленні Лукашэнкі і ягоных карнікаў смерць яшчэ аднаго палітвязня», - заявіла Наталля Радзіна.
Да кампаніі «Пакажыце людзям Статкевіча!» далучыўся шэраг еўрапейскіх палітыкаў.
Нагадаем, што дэпутат Еўрапейскага парламента ад Літвы Пятрас Аўштравічус вылучыў лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча на Нобэлеўскую прэмію міру.