Рэчыцкія ратавальнікі пацвердзілі пралёт расейскага дрона над горадам
2- 4.06.2025, 15:29
- 3,590

Ударны дрон ляцеў над горадам на нізкай вышыні.
У Рэчыцкім райаддзеле ў надзвычайных сітуацыях пацвердзілі пралёт расейскага ўдарнага дрона над горадам на нізкай вышыні. Афіцыйных каментароў на гэты конт дагэтуль няма, паведамляе «Еўрарадыё».
Здарэнне адбылося ў нядзелю, 1 чэрвеня. Сотні гараджан сталі сведкамі, як над цэнтрам горада паміж 9-ю і 10-ю гадзінамі раніцы лётаў і манеўраваў ударны дрон.
Выданне «Флагшток» патэлефанавала ратавальнікам ад імя мясцовага жыхара, каб спытаць, чаму ведамства не паведаміла пра пагрозу.
«Гэтую справу не спрагназуеш, і інфармаваць папярэдне тут ніяк не атрымаецца. І тады ніхто не пацярпеў, ён проста лётаў», - адказалі ў МНС. На пытанне, чаму не ўключылі сігнал паветранай небяспекі, дзяжурны МНС заявіў: «Калі будзе неабходнасць, усё будзе ўключацца». І дадаў, што трывогу ўключаць па камандзе.
Куды дзеўся дрон, які лётаў над Рэчыцай 1 чэрвеня, у МНС не адказалі — такімі звесткамі, маўляў, не валодаюць.
У аддзеле ідэалагічнай работы райвыканкама заявілі, што пра беспілотнік нічога не чулі.