Эстонія выходзіць з пагаднення з Беларуссю
3- 4.06.2025, 15:50
- 4,768

Дамова была ўкладзеная ў 1998 годзе.
Урад Эстоніі ўхваліў законапраект аб дэнансацыі пагаднення з Беларуссю аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і прадухілення ўхілення ад выплаты падаткаў. Пра гэта паведамляе Infotrans са спасылкай на эстонскія СМІ.
Пагадненне паміж Беларуссю і Эстоніяй было ўкладзенае ў 1998 годзе з мэтай спрыяць развіццю ўзаемнага інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Аднак, з заявы Таліна, Беларусь у аднабаковым парадку перастала выконваць абавязкі, часткова прыпыніўшы дзеянне дакумента ў дачыненні да эстонскіх рэзідэнтаў.
Як адзначаюць СМІ, пасля выхаду з пагаднення даходы фізічных і юрыдычных асоб Эстоніі і Беларусі будуць абкладацца падаткамі зыходзячы з унутранага заканадаўства кожнага з бакоў без механізмаў абароны ад падвойнага падаткаабкладання. Пастанова можа паўплываць на бізнэс-кантакты і інвестыцыйную актыўнасць паміж краінамі, асабліва з улікам геапалітычнай напружанасці і зніжэння ўзроўню эканамічнага ўзаемадзеяння.