NATO пацвярджае пашкоджанне 40 самалётаў РФ падчас аперацыі «Павуцінне»
5- 4.06.2025, 18:16
- 35,278

Ад 10 да 13 з іх знішчаныя цалкам.
Не менш за 40 расейскіх паветраных суднаў былі пашкоджаныя падчас аперацыі «Павуцінне». Ад 10 да 13 з іх знішчаныя цалкам. Такую статыстыку агучыў высокапастаўлены супрацоўнік NATO на брыфінгу ў Брусэлі, паведамляе карэспандэнт «Еўрарадыё».
Ён падкрэсліў, што гэтыя лічбы атрыманыя незалежна ад Службы бяспекі Украіны. Раней там заявілі, што падчас аперацыі быў пашкоджаны 41 расейскі самалёт.
Супрацоўнік NATO дадаў, што ўкраінцы атакавалі канвенцыйныя, выключна вайсковыя цэлі, якія Расея выкарыстоўвала для ўдараў па мірных украінскіх жыхарах. Таму ён не чакае, што аперацыя «Павуцінне» справакуе эскалацыю ваенных дзеянняў.
Падрыхтоўка аперацыі «Павуцінне» заняла паўтара гады. Яе актыўная фаза прыпала на 1 чэрвеня. СБУ спачатку пераправіла ў Расею FPV-дроны, а пазней - мабільныя драўляныя «домікі» для іх. Дроны былі схаваныя пад накрыўкі «дамкоў», якія размясцілі на грузавых аўто. У патрэбны момант вечкі домікаў былі дыстанцыйна адкрытыя, і беспілотнікі вылецелі на спатканні з расейскімі бамбавікамі.