Мужчына з Тэхаса пракраўся ў рэзідэнцыю Трампа
6- 4.06.2025, 19:23
- 3,818

Ён хацеў «распаўсюдзіць Евангелле» і ажаніцца з яго ўнучкай.
У ноч на 3 чэрвеня 2025 года 23-гадовы Энтані Рэес з Тэхаса быў затрыманы Сакрэтнай службай ЗША пасля таго, як незаконна пракраўся на тэрыторыю рэзідэнцыі Дональда Трампа Мар-а-Лага ў Фларыдзе, паведамляе NBC News.
Паводле звестак паліцыі, мужчына пералез праз агароджу блізу поўначы, заявіўшы, што мае намер «распаўсюдзіць Евангелле» і ажаніцца з 18-гадовай Кай Трамп - унучкай прэзідэнта ЗША і даччэ Дональда Трампа-малодшага.
Супрацоўнікі Сакрэтнай службы аператыўна затрымалі Рэеса без інцыдэнтаў. Пазней яго перадалі паліцыі Палм-Біч, дзе яму выставілі абвінавачанне ў незаконным пранікненні на ахоўную тэрыторыю. Суд прызначыў заклад у суме $50 тысяч і забараніў Рэесу набліжацца да сямейнікаў Трампа, уключаючы Кай. Ён заявіў аб сваёй невінаватасці.
На момант здарэння Дональд Трамп знаходзіўся ў Вашынгтоне.
Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, гэта не першая спроба Рэеса трапіць на тэрыторыю рэзідэнцыі: раней ён ужо спрабаваў зрабіць гэта ў навагоднюю ноч.
Кай Трамп вядомая як папулярная інфлюенсерка і перспектыўная гальфістка. Яна актыўна вядзе блогі ў сацыяльных сетках, мае мільёны падпісчыкаў і плануе паступіць ва Універсітэт Маямі для працягу спартовай кар'еры.
Інцыдэнт адбыўся на фоне ўзмоцненых захадаў бяспекі вакол Трампа пасля двух замахаў падчас яго перадвыбарнай кампаніі ў 2024 годзе. У ліпені таго года куля зачапіла яго вуха на мітынгу ў Пенсільваніі, а ў верасні быў папярэджаны яшчэ адзін напад на яго ў гольф-клубе ў Фларыдзе.