30 чэрвеня 2025, панядзелак, 20:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэйтынг канцлера Мерца ў Нямеччыне значна вырас

5
Рэйтынг канцлера Мерца ў Нямеччыне значна вырас
ФОТА: GETTY IMAGES

Апытанне.

Толькі 40 адсоткаў немцаў задаволеныя першым месяцам працы новага федэральнага ўраду ў складзе блоку ХДЗ/ХСЗ і СДПН. Гэта на 6 адсоткавых пунктаў менш, чым было ў пачатку 2022 года ў першыя тыдні працы ранейшай кааліцыі, якая складалася з сацыял-дэмакратаў, лібералаў і «зялёных». Гэта вынікае з вынікаў штомесячнага апытання Deutschlandtrend, якое праводзіцца інстытутам Infratest dimap на замову грамадска-прававога тэлеканала ARD і газеты Die Welt. Звесткі апублікаваныя ў сераду, 4 чэрвеня, паведамляе DW.

Чаканні рэспандэнтаў ад змястоўнай працы ўраду не моцна змяніліся ў параўнанні з перыядам адразу пасля датэрміновых выбараў у бундэстаг у лютым сёлета. З аднаго боку, крыху больш як палова апытаных па-ранейшаму мяркуе, што дзейнасць кабінета міністраў на чале з канцлерам Фрыдрыхам Мерцам умацуе эканоміку (55%, +1%), будзе лепш прадстаўляць інтарэсы Нямеччыны ў свеце (52%, +1%). З іншага, немцы скептычна ставяцца да здольнасці новых уладаў эфектыўна змагацца з нелегальнай міграцыяй (38% -4%), стварыць бяспечныя ўмовы жыцця ў краіне (43% -4%) і гарантаваць сацыяльнае забеспячэнне (37% -6%).

Кіраўнік Мінабароны – самы папулярны палітык у ФРГ

За першыя 4 тыдні працы рэзка вырасла ў грамадзянаў ФРГ папулярнасць канцлера Мерца (39%, +14%) і нязначна (39%, +4%) – віцэ-канцлера і сустаршыні СДПН Ларса Клінгбайля (Lars Klingbeil). Пры гэтым самым папулярным палітыкам у Нямеччыне, як і ў мінулым урадзе, застаецца міністр абароны Барыс Пісторыюс (61%, 1%).

Што тычыцца парламенцкай апазіцыі, то лідары фракцый Левай партыі і «зялёных» сутыкаюцца з нізкай вядомасцю сярод грамадзянаў, што выяўляецца і ў іх нізкай папулярнасці. Так, працай кіраўніка фракцыі «левых» у бундэстагу Хайдзі Райхінек (Heidi Reichinnek) задаволеныя толькі 17% апытаных, а лідаркі фракцыі «зялёных» Катарыны Дрог – 12%.

У той самы час лідарка ультраправай «Альтэрнатывы для Нямеччыны» Аліс Вайдэль не можа паскардзіцца на нізкую вядомасць, яе дзейнасць ухваляе чвэрць апытаных (26%). Аднак яна лідарка сярод нямецкіх палітыкаў у негатыўнай ацэнцы сваёй працы (66%).

Немцы не ўпэўненыя ў здольнасці Мерца наладзіць стасункі з Трампам.

Новы ўрад Нямеччыны сутыкаецца з сур'ёзнымі знешнепалітычнымі выклікамі, адказ на частку з іх залежыць ад поспеху візіту канцлера Мерца ў Вашынгтон, які мае адбыцца 5 чэрвеня. Аднак у немцаў няма празмерных чаканняў ад сустрэчы ў Белым доме. Толькі крыху менш як палова (46%) верыць, што Мерц здолее ўсталяваць добрыя стасункі з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. І 47% апытаных мяркуе, што ў канцлера недастаткова дыпламатычных навыкаў для развязання буйных знешнепалітычных праблемаў.

Мэту краінаў NATO – павялічыць выдаткі на абарону да 5 адсоткаў ВУП, на чым настойвае Трамп, палова немцаў (50%) называе разумнай, 7% – недастаткова амбіцыйнай і 35% – празмернай.

Давер немцаў да ЗША і Ізраіля моцна ўпаў

За самую надзейную партнёрку Нямеччыны немцы ўважаюць Францыю (83%). Што тычыцца іншых краінаў, то 48% удзельнікаў апытання адчуваюць давер да Украіны, 18% – да ЗША, 16% – да Ізраіля і 10% – да Расеі.

Ваенны адказ Ізраіля на атакі ХАМАС восенню 2023 года паўплываў на настроі ў краіне. Амаль дзве траціны немцаў (63%) уважаюць дзеянні Ізраіля ў сектары Газа за празмерныя. Толькі адзін з васьмі рэспандэнтаў (13%) ухваляе безумоўную падтрымку Нямеччынай Ізраіля ў цяперашнім блізкаўсходнім канфлікце.

Віну Ізраіля і ісламісцкай арганізацыі ХАМАС у катастрафічнай сітуацыі палестынскага цывільнага насельніцтва ў сектары Газа бачыць амаль аднолькавая колькасць апытаных – адпаведна 69% і 71%.

Адпаведна большасць немцаў адкрытыя не толькі для нядаўняй крытыкі дзеянняў Ізраіля з боку канцлера Мерца (77%), але і для перагляду нямецкай ваеннай дапамогі: чацвёра з дзесяці (43%) выступаюць за абмежаванне экспарту зброі ў Ізраіль, а яшчэ 30 адсоткаў выступаюць за яе поўнае спыненне.

Апытанне праводзілася з 2 да 3 чэрвеня пры ўдзеле 1292 грамадзянаў, надзеленых у Нямеччыне выбарчым правам. 770 удзельнікаў праінтэрв'юявалі праз тэлефон, яшчэ 522 – пры дапамозе анлайн-анкет.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках