БЧ папярэдзіла пра «магчымыя затрымкі» двух курортных цягнікоў
3- 5.06.2025, 14:05
- 4,248

Што адбылося?
Беларуская чыгунка папярэдзіла пасажыраў аб «магчымых затрымках» руху двух цягнікоў, якія накіроўваюцца ў Адлер і з яго. Прычынай стала «пашкоджанне чыгуначнага палатна» на адным з адцінкаў Паўднёва-Усходняй чыгункі ў Варонежскай вобласці Расеі, дзе, з пэўных звестак, раніцай 5 чэрвеня адбыўся выбух і былі знойдзеныя самаробныя выбуховыя прылады.
Якія беларускія цягнікі могуць затрымацца?
Як паведамілі ў прэс-службе БЧ, гаворка ідзе пра цягнікі фармавання Беларускай чыгункі:
№ 302/301 Менск-Адлер (адпраўленне са станцыі Менск-Пасажырскі 4 чэрвеня 2025 года ў 11:21).
№ 301/302 Адлер-Менск (адпраўленне са станцыі Адлер 4 чэрвеня 2025 года а 17:52).
На момант публікацыі паведамленні ад БЧ абодва гэтыя цягнікі ідуць згодна з устаноўленым раскладам. Але паводле папярэдняй інфармацыі, магчымыя затрымкі названых цягнікоў у дарозе, звязаныя з правядзеннем прац для аднаўлення чыгуначнага палатна на перагоне Яўдакава — Сагуны.
Дарога паміж Мннскам і Адлерам займае каля 48-49 гадзін, гэтыя «магчымыя затрымкі» могуць даставіць пасажырам дадатковыя нязручнасці. У БЧ рэкамендавалі ўдакладняць інфармацыю пра час адпраўлення і прыбыцця цягнікоў праз тэлефон 105.
Што адбылося?
Паўднёва-ўсходняя чыгунка РФ пацвердзіла, што ў сувязі з выяўленым пашкоджаннем адной з рэек на перагоне Яўдакава — Сагуны ў Варонежскай вобласці рух часова прыпынены.
Паводле іх інфармацыі, у дарозе затрымліваюцца некалькі пасажырскіх цягнікоў, пацярпелых няма, а прычыны здарэння высвятляюцца. Для каардынацыі работ там стварылі аператыўны штаб.
Губернатар Варонежскай вобласці РФ Аляксандр Гусеў паведаміў, што машыніст аднаго з цягнікоў заўважыў нязначнае пашкоджанне палатна, а на месцы ўжо працуюць аператыўныя службы.
Пазней расейскія Telegram-каналы, сярод іх Shot, паведамілі, што ў Варонежскай вобласці прагрымеў выбух на чыгунцы а 9:30 раніцы на 725-м кіламетры перагону Яўдакава — Сагуны.
Аўтары канала таксама сцвярджаюць, што побач з месцам выбуху знайшлі некалькі самаробных выбуховых прылад і да месца здарэння накіраваныя аўтамабілі для размінавання.