У Беларусі - першыя +30°С сёлета
- 5.06.2025, 16:17
- 3,112

У якім горадзе зафіксавалі?
У Пінску ўпершыню сёлета тэмпература паветра дасягнула адзнакі +30,3°С. Гэты паказнік стаў самым высокім на тэрыторыі Беларусі з пачатку года.
Як паведаміў тэлеграм-канал аб надвор'і ў Беларусі «Метеавайб», спасылаючыся на метэамапу Белгідрамета, такі прагрэў паветра абумоўлены знаходжаннем горада «ў цёплым сектары цыклону».
Тым часам надвор'е ў краіне дэманструе і іншыя сюрпрызы. Як паказваюць звесткі метэарадараў Белгідрамета, прыкладна на 15:10 5 чэрвеня, поўнач Беларусі можа перасекчы актыўная «хмара», якая нясе з сабой навальніцы, град і шквалісты вецер.


Зона непагадзі ўжо абмінула Гародню, паваліўшы там дрэвы, і працягнула свой рух праз поўнач Меншчыны ў кірунку Полацка і Віцебска. Згодна з радарнымі звесткамі, хуткасць зрушэння складае блізу 50-60 км/г. Эпіцэнтр найбольш інтэнсіўных з'яў надвор'я цяпер, мяркуючы з мапаў, знаходзіцца паміж Лідай і Вільняй.