«Падляшша – вельмі цікавае месца для жыцця беларусаў і іх мовы»
- 5.06.2025, 17:21
- 2,406

На Падляшшы сёлета — «гарачае лета» вакол беларускай мовы.
На Падляшшы сёлета — «гарачае лета» вакол беларускай мовы — і не толькі праз тэмпературу надвор’я. Універсітэт у Беластоку адкрывае новы кірунак — «Беларуская этнафілалогія», і ўжо распачаўся першы этап анлайн-набору ў сістэме IRK. Гэта магчымасць для маладых людзей паглыбіцца ў мову, культуру і гісторыю беларусаў у міждысцыплінарным фармаце.
Звярнуць увагу на новы курс заклікае дыялектолаг і даследчык беларускай мовы Міраслаў Янковяк — сённяшні «Госць Рацыі». У ліпені ён плануе чарговыя палявыя даследаванні беларускай гаворкі ў ваколіцах вёскі Цялушкі, куды адмыслова запрасіць і студэнтаў, каб тыя пачулі жывую мову наўпрост у яе натуральным асяроддзі.
Чым цікавы новы курс, як выглядае сучасная беларуская гаворка на Падляшшы і як беларускай мове выжыць у міграцыі і на памежжы — пр гэта з Міраславам Янковякам паразмаўляла Вольга Сямашка.
– Я сам паляк, які пачаў цікавіцца гэтай тэрыторыяй, гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага ці пазней Рэчы Паспалітай, ад мора да мора, займаўся Беларуссю. Цікавіць мяне беларуская тэматыка. Паступіў на кафедру беларусістыкі, скончыў магістратуру ў Варшаўскім універсітэце і пайшоў у бок мовазнаўства. А далей, дзякуючы двум асобам, перад усім прафесарцы Альжбеце Смулковай і Ніне Баршчэўскай, мяне вельмі зацікавіла тэматыка беларускіх гаворак, асабліва моўнае памежжа.
Была магчымасць падарожнічаць і ўдзельнічаць у рознага тыпу праектах, якія арганізоўвала прафесар Альжбета Смулкова. Гэта было памежжа Беларусі, і гэта вельмі спадабалася. І з таго часу я вырашыў заняцца гэтай тэматыкай. Займаюся беларускімі гаворкамі Латвіі, Літвы. І апошнім часам пачынаю больш займацца і беларускімі гаворкамі на тэрыторыі Польшчы. Была магчымасць праводзіць даследаванне два разы ў Расеі, гэта была Пскоўская вобласць, беларуска-расейскае памежжа. Пакуль што гэта пакінуў з-за вядомых прычын. Геаграфічна можна сказаць, што займаюся беларускімі гаворкамі на тэрыторыі Еўрапейскага звязу.
— Вакол вашых вандровак, паездак і вывучэння розных гаворках у розных абласцях, арэолах, што вы маглі б сказаць – усё ж такі беларуская мова адзіная ці яе трэба падзяляць на гаворкі, якія існуюць у розных памежных рэгіёнах ці гэта нейкія віды беларускай мовы? Як гэта ўсё ўвогуле можна абазначыць?
— Трэба выдзеліць дзве такія катэгорыі – гэта беларускія гаворкі ці дыялекты. І калі мы кажам пра абшары Латвіі, Літвы, Польшчы, Расейскай Федэрацыі і Украіны – гэта натуральнае прадаўжэнне беларускіх гаворак, дыялектаў. Другая катэгорыя – гэта, зразумела, мова беларусаў, якія жывуць у гарадах. Гэта ўжо не дыялекты, не гаворкі. Размоўная беларушчына, можна сказаць, часам набліжаная да беларускай літаратурнай мовы. І трэці варыянт – гэта беларускія гаворкі, якія маюць такі характар астравоў беларусаў ці асобаў з беларускіх земляў. Гэта ссыльныя беларусы, напрыклад, на тэрыторыі Казахстана ці Сібіры. Беларусы жывуць абсалютна ў розных краінах, можна сказаць пра Аргенціну, Бразілію. Гэта ў міжваенны перыяд.
Вяртаючыся да нашых памежжаў Беларусі, я вырашыў даследаваць беларускія гаворкі ў гэтых памежных з Беларуссю краінах. Беларускія навукоўцы вельмі рэдка займаліся гэтай тэматыкай таксама па розных прычынах.



