Ямаль прызнаны найлепшым маладым гульцом сезона ў Ла Лізе
- 5.06.2025, 19:22

17-гадовы паўабаронца забіў дзевяць галоў і аддаў 13 дзейсных перадач у чэмпіянаце Гішпаніі.
Футбаліст «Барселоны» Ламін Ямаль прызнаны найлепшым маладым гульцом сезона-2024/25 у Ла Лізе.
Паводле інфармацыі на афіцыйным сайце Ла Лігі, Ямаль стаў лідарам галасавання за званне найлепшага маладога (да 23 гадоў) гульца лігі, набраўшы 88 балаў. Ён апярэдзіў свайго аднаклубніка Пэдры, прадстаўнікоў «Рэала» Джуда Белінгема і Арду Гюлера, футбаліста «Валенсіі» Дыега Лопеса, а таксама Фабіу Сілву і Альберта Малейра (абодва - «Лас-Пальмас»).
У мінулым сезоне 17-гадовы Ямаль правёў за «Барселону» 35 матчаў у Ла Лізе, забіў дзевяць галоў і аддаў 13 дзейсных перадач. Двойчы цягам мінулага сезону - у жніўні і лютым - паўабаронца атрымліваў штомесячную ўзнагароду як найлепшы гулец да 23 гадоў, падзяліўшы першае месца ў гэтым паказчыку з Фабіу Сілвам. У верасні Ямаль быў прызнаны найлепшым гульцом месяца ў Ла Лізе.
Раней «Барселона» абвясціла аб падаўжэнні кантракту з Ямалем да 2031 года. Як паведамляе sport.es, у новым кантракце прапісаныя адступныя за Ямаля ў суме €1 млрд. Сам футбаліст будзе зарабляць амаль €8 млн за сезон чыстымі, а з улікам бонусаў яго гадавы даход можа скласці €15-20 млн.