Польшча і краіны Балтыі плануюць куплю катараў і падводных лодак
3- 5.06.2025, 21:27
- 2,342

Для стрымлівання РФ.
Польшча і краіны Балтыі разглядаюць магчымасць закупкі новых падводных лодак і баявых катараў для ўзмацнення стрымлівання расейскіх караблёў у раёне Балтыйскага мора.
Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».
Польшча паводле праграмы Orka («Касатка») плануе замовіць тры ці чатыры новыя падводныя лодкі да канца 2025 года, паколькі цяпер флот спадзяецца на адзіную састарэлую падводную лодку савецкай пабудовы - ORP Orzeł. Зараз самыя высокія ацэнкі маюць прапановы ад Нямеччыны, Швэцыі і Італіі.
На сайце DefenceNews гаворыцца аб тым, што Латвія і Літва аб'ядналіся для закупкі шматцэлевых ударных катараў ў фінскага суднабудаўніка Marine Alutech. Паводле праграмы CFMAC (Common Future Multipurpose Multipurpose Attack Craft) гэтая верф распрацуе і паставіць баявыя катары на базе праекта Watercat M18.
Літва атрымае два такія катары для свайго батальёна берагавой абароны ўжо ў 2026 годзе.
Гэтыя катары будуць абсталяваныя перадавымі баявымі сістэмамі, уключаючы пускавыя ўстаноўкі Ізраільскіх ракет Spike NLOS і дыстанцыйна кіраваныя баявыя модулі з буйнакалібернымі кулямётамі, што дазволіць ім эфектыўна знішчаць як марскія, так і наземныя цэлі на вялікіх дыстанцыях.
Катары спецыяльна распрацаваны для аперацый на плыткаводдзі, напрыклад, у Куршскім заліве, што забяспечыць Літве магчымасць хуткага рэагавання на розныя пагрозы.
Паведамленні аб планах закупкі суднаў паступаюць на фоне правядзення Расеяй вайскова-марскіх вучэнняў у Балтыйскім моры. У вучэннях, якія пачаліся ў канцы траўня, удзельнічалі больш за 20 караблёў, блізу 25 самалётаў і гелікаптэраў і блізу трох тысяч вайскоўцаў. Акрамя сіл Балтыйскага флоту, былі залучаныя Паўночны флот, а таксама Авіяцыя Паветрана-касмічных сіл, Маскоўскага і Ленінградскага вайсковых акруг.