Дроны атакавалі Маскву і Падмаскоўе
9- 7.06.2025, 16:29
- 18,906

Ёсць траплянні ў Істры.
У горадзе Істра Маскоўскай вобласці пацярпелі два чалавекі ў выніку атакі дронаў. Пра гэта паведаміў губернатар рэгіёну Андрэй Вараб'ёў, паведамляе «Настоящее Время».
Паводле ягоных слоў, за ноч сістэмы СПА збілі ў Падмаскоўі дзевяць дронаў – у Зарайску, Адзінцове, Дамадзедаве, Істры і Сонечнагорску.
«Большая частка дронаў была знішчаная яшчэ на падлёце. На жаль, не абышлося без пацярпелых. У Істры, у СНТ «Юбілейны», аскепкамі былі параненыя двое жыхароў – мужчына і жанчына», – напісаў Вараб'ёў.
Ён дадаў, што праз налёт дронаў пашкоджанні атрымаў прыватны дом — пашкоджаны дах, сцяна, гаспадарчыя пабудовы і аўтамабіль.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін днём 6 чэрвеня і ўночы 7 чэрвеня напісаў пра 10 збітых БПЛА , якія ляцелі на расейскую сталіцу.
Мінабароны Расеі сцвярджае, што ўночы 7 чэрвеня сілы СПА збілі 36 дронаў над Курскай, Бранскай, Калужскай, Смаленскай і Маскоўскай абласцямі.
Да гэтага ведамства паведаміла, што з 14:30 па Маскве 6 чэрвеня да паўночы 7 чэрвеня расейскія вайскоўцы перахапілі або знішчылі яшчэ 82 украінскія дроны ў Бранскай, Белгародскай, Курскай, Арлоўскай, Тульскай, Разанскай і Калужскай абласцях, а таксама ў Маскоўскім рэгіёне.