27 чэрвеня 2025, Пятніца, 5:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галівудскія зоркі ўсё часцей выступаюць на сцэне Брадвея

Галівудскія зоркі ўсё часцей выступаюць на сцэне Брадвея

Для актораў кіно - гэта прэстыж, для інвестараў - прыбытак.

П'еса «Добрай ночы і ўдачы» («Good Night, and Good Luck») з вядомым амерыканскім акторам Джорджам Клуні ў галоўнай ролі стала першай у гісторыі брадвейскай пастаноўкай, якая сабрала больш за 4 мільёны даляраў за тыдзень. Нягледзячы на гэта, для большасці галівудскіх зорак Брадвей не становіцца галоўнай крыніцай прыбытку, піша часопіс Forbes (пераклад - сайт Charter97.org).

Клуні не толькі выконвае галоўную ролю але і з'яўляецца суаўтарам, прадусарам і ўладальнікам правоў на п'есу. За 12 тыдняў спектакль ужо сабраў 44 мільёны даляраў, перасягнуўшы касавыя зборы аднайменнага фільма 2005 года. Аднак Forbes ацэньвае прыбытак Клуні ад шоў прыкладна на 6 мільёнаў - значна менш, чым ганарары за фільмы, дзе зоркі атрымліваюць дзясяткі мільёнаў.

Аднак зоркі Галівуда ўсё часцей выходзяць на сцэну Брадвея: Дэнзел Вашынгтон, Джэйк Джыленхол, Роберт Даўні-малодшы і іншыя. Для прадусараў гэта выгадна: спектаклі з вядомымі акторамі патрабуюць меншых інвестыцый (6-9 мільёнаў даляраў) і маюць адносна нізкія штотыднёвыя выдаткі (400-600 тысяч), што зніжае фінансавыя рызыкі.

Інвестыцыі ў такія праекты акупляюцца хутчэй - напрыклад, «Добрай ночы і ўдачы» вярнуў фундаванні ўсяго за 7,5 тыдняў. Сярэдняя даходнасць для інвестараў складае 10-30%, што значна вышэй за сярэднюю па Брадвеі.

Зоркі атрымліваюць мінімум блізу 100 тысяч даляраў за тыдзень і адсоткі ад касавых збораў, але для многіх з іх Брадвей - хутчэй справа прэстыжу і мастацтва, чым грошай. Пры гэтым высокія кошты квіткоў - да 700-900 даляраў за найлепшыя месцы - прыцягваюць публіку, нават калі водгукі крытыкаў не самыя найлепшыя.

Такім чынам, для прадусараў і інвестараў шоў з галівудскімі зоркамі - гэта адносна бяспечны і прыбытковы бізнэс, а для актораў - магчымасць пацвердзіць сваё майстэрства на легендарнай сцэне.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках