Беларускі рубель пачне здаваць да даляра
2- 7.06.2025, 22:15
- 12,830

На гэта паўплывае пастанова Цэнтрабанка РФ.
Цэнтрабанк Расеі 6 чэрвеня знізіў ключавую стаўку - гэта аналаг стаўкі рэфінансавання ў Беларусі - да 20% гадавых. Гэта на 100 базавых пунктаў менш, чым раней. Як гэтая навіна можа адбіцца на беларускім валютным рынку - піша «Зеркало».
Чаму Цэнтрабанк РФ знізіў ключавую стаўку?
«Цяперашні інфляцыйны ціск, у тым ліку ўстойлівы, працягвае зніжацца. Пры тым што ўнутраны попыт па-ранейшаму апярэджвае магчымасці пашырэння прапановы тавараў і паслуг, расейская эканоміка паступова вяртаецца да траекторыі збалансаванага росту», - растлумачыў Цэнтрабанк РФ.
Пры гэтым далейшыя пастановы аб ключавой стаўцы будуць прымацца ў залежнасці ад хуткасці і ўстойлівасці зніжэння інфляцыі і інфляцыйных чаканняў. Паводле прагнозаў Банка Расеі, з улікам грашова-крэдытнай палітыкі, якая праводзіцца, гадавая інфляцыя вернецца да 4% у 2026 годзе і будзе знаходзіцца на ўзроўні ў далейшым.
Цяпер гадавая інфляцыя ў Расеі перавышае адзнаку 10%.
«Праінфляцыйныя рызыкі крыху зменшыліся, але ўсё яшчэ пераважаюць над дэзінфляцыйнымі на сярэднетэрміновым гарызонце, - удакладнілі ў Цэнтрабанку РФ. - Асноўныя праінфляцыйныя рызыкі звязаныя з больш працяглым захаваннем адхілення расейскай эканомікі ўверх ад траекторыі збалансаванага росту і высокіх інфляцыйных чаканняў, а таксама з пагаршэннем умоў замежнага гандлю. Далейшае зніжэнне тэмпаў росту сусветнай эканомікі і коштаў нафты ў выпадку ўзмацнення гандлёвых супярэчнасцей можа мець праінфляцыйныя эфекты праз дынаміку курсу рубля».
Рэгулятар удакладняе, што «дэзінфляцыйныя рызыкі звязаныя з больш значным запаволеннем росту крэдытавання і ўнутранага попыту пад уплывам жорсткіх грашова-крэдытных умоў».
«Дэзінфляцыйны ўплыў можа мець і паляпшэнне вонкавых умоў у выпадку зніжэння геапалітычнай напружанасці», – заявілі ў Цэнтрабанку РФ.
Як гэтая сітуацыя можа паўплываць на Беларусь?
Сітуацыя на беларускім валютным рынку шмат у чым залежыць ад абстаноўкі на расейскім, тлумачыла раней экспертка BEROC Анастасія Лузгіна. Яна прагназавала, што Цэнтрабанк РФ можа знізіць ключавую стаўку. «Гэта здольнае ўплываць на расейскі рубель - у бок зніжэння яго курсу», - растлумачыла эканамістка.
Анастасія Лузгіна прагназавала, што на фоне зніжэння ключавой стаўкі Цэнтрабанкам РФ расейскі рубель будзе плыўна слабець да даляра, а следам — і беларускі.
На яе думку, пазіцыі нацвалюты суседняй краіны шмат у чым зараз залежыць ад геапалітычнай сітуацыі, а таксама ад таго, ці будзе Масква ўжываць адміністрацыйныя захады, якія закрануць і курс расейскага рубля.
- Наўрад ці Цэнтральны банк Расеі будзе спецыяльна ўстанаўліваць больш нізкі курс расейскага рубля, - адзначала экспертка. - Што тычыцца найбліжэйшай перспектывы, прынамсі, летняга перыяду, тут зноў жа вельмі шмат нявызначанасці. То бок, вось нават геапалітычныя чаканні калі мы возьмем, тут нам складана нешта сказаць. То бок, як менавіта будзе развівацца сітуацыя ў геапалітычным плане, ад гэтага курс расейскага рубля можа хістацца то ў адзін бок, то ў другі. Гэта значыць, або слабець, або ўмацоўвацца.
Яшчэ адзін фактар, які будзе ўплываць на курс расейскага рубля (а следам - і беларускага) - сітуацыя з вонкавым гандлем у Расеі, адзначае Анастасія Лузгіна.
«Тут гледзячы, як будзе развівацца сітуацыя з коштамі энэрганосьбітаў, як будуць працаваць санкцыі. Гэта таксама будзе ўплываць на расейскі рубель, - дадала эканамістка. - Хутчэй за ўсё, мы ўбачым такі плыўны разварот курсу расейскага рубля ў бок зніжэння».
На думку эксперткі, сітуацыя на расейскім валютным рынку адаб'ецца і на беларускім - наша нацвалюта таксама будзе плыўна здаваць пазіцыі да даляра.