Старыя беларускія рублі «ўсплылі» ў Нямеччыне
1- 7.06.2025, 17:32
- 2,840

Жыхар Ніжняй Саксоніі абмяняў 134 еўры на старую банкноту.
Выпадак махлярства пры дапамозе старых беларускіх рублёў адбыўся ў Нямеччыне, піша «Онлайнер».
Жыхар Ніжняй Саксоніі наважыў дапамагчы мужчыну, у якога скончыўся бензін. Той прапаноўваў абмяняць старыя беларускія купюры на еўры, каб набыць паліва.
Для пераканаўчасці ён паказаў на мабільным тэлефоне інфармацыю аб тым, што 500 беларускіх рублёў нібыта эквівалентныя 135 еўрам, і папрасіў за адну купюру 134 еўры.
Пацярпелы паверыў на слова і здзейсніў абмен. Толькі дома ён зразумеў, што стаў ахвярай афёры: купюры даўно выйшлі з абарачэння і не маюць ніякай каштоўнасці.
Паліцыя пачала расследаванне і шукае сведкаў, якія маглі б апазнаць ашуканца або падаць дадатковую інфармацыю.