Якім будзе надвор'е ў Беларусі на наступным тыдні
- 7.06.2025, 18:11
- 2,970

Не варта чакаць працяглага сухога і гарачага надвор'я.
Сярэдзіна чэрвеня ў Беларусі выдасца прахалоднай і сырой. Такі прагноз на тыдзень з 9 да 15 чэрвеня даў беларускі сіноптыкі Дзмітры Рабаў на дзяржТВ.
- На большай частцы Беларусі з 9 да 15 чэрвеня добрага цёплага лета не прадбачыцца, - адзначыў ён.
З пачатку тыдня і амаль кожны дзень у Беларусі чакаюцца атлантычныя цыклоны з дажджамі. Праз гэта не варта беларусам чакаць устойлівага цяпла - будзе халаднавата і сыра. Прычым сярэднія тэмпературы ў сярэдзіне тыдня ўстановяцца крыху ніжэй за кліматычную норму. Таксама чакаюцца перапады тэмпературы і атмасфернага ціску.
- Не варта чакаць працяглага сухога і гарачага надвор'я, - папярэдзіў сіноптык.
Агулам, холадна на тыдні ў Беларусі будзе праз халодны атмасферны фронт, які прыйдзе з паўночна-заходняй часткі Еўропы. За цыклонам пачнуць паступаць у рэспубліку плыні прахалоднага і вільготнага паветра. У большасці раёнаў Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы і навальніцы.
Вецер будзе заходняга кірунку, сярэдні, пры навальніцах - з парывамі.
У начны час чакаюцца тэмпературы ад +9 да +15 градусаў. Удзень у панядзелак, 9 чэрвеня, пацяплее да +14 - +20 градусаў, а ў аўторак пахаладае - +14 - +18 градусаў.
У сераду, 11 чэрвеня, у Беларусі пачне адчувацца ўплыў балтыйскага цыклону, які за сабой прынясе атмасферныя франты з ападкамі. Вецер будзе няўстойлівым пераменлівым, вільготнасць павысіцца да 90 адсоткаў. Уначы тэмпература апусціцца да +8 - +13 градусаў, удзень будзе ад +12 на паўночным захадзе да камфортных +20 у паўднёва-ўсходніх раёнах.
Папярэдне да чацвярга, 12 чэрвеня, чакаецца прыход чарговых атмасферных франтоў, але ўжо з захаду Еўропы. Яны прынясуць навальніцы, якія пральюцца ў большасці раёнаў Беларусі. Па начах і з раніцы будзе туманна. У начны час тэмпературы будуць апускацца да +7 - +12 градусаў. Удзень 12 чэрвеня паветра прагрэецца да +11 - +17 градусаў, у пятніцу, 13 чэрвеня, у рэспубліцы будзе ад +11 градусаў ва ўсходніх раёнах да 18 на захадзе краіны.
- Няўстойлівым будзе надвор'е і ў выхадныя, - адзначыў тэлесіноптык.
Лакальныя і кароткачасовыя дажджы чакаюцца ў суботу і нядзелю на большай частцы тэрыторыі Беларусі. Вецер будзе сярэднім, заходняга і паўночна-заходняга кірункаў.
Па начах на выходных - блізу +7 - +13 градусаў. Удзень у суботу, 14 чэрвеня, паветра прагрэецца да +15 - +19 градусаў, а ў нядзелю, 15 чэрвеня, прагназуецца крыху цяплейшае надвор'е - блізу +17 - +20 цяпла.