У Кыргызстане знеслі самы вялікі ў Цэнтральнай Азіі помнік Леніну
14- 7.06.2025, 21:26
- 10,304

На месцы былога пастамента з'явіцца флагшток.
У горадзе Ошы на поўдні Кыргызстана ў ноч на 7 чэрвеня дэмантавалі адзін з самых высокіх у свеце помнікаў Леніну. Манумент, усталяваны ў 1975 годзе перад будынкам гарадской адміністрацыі, важыў 7,5 тоны і дасягаў 23 метраў. Яго перанясуць у парк «Мээрым» («Парк кахання»), размешчаны паблізу, а можа, і дэмантуюць зусім. А пакуль бронзавы 23-метровы гігант ляжыць на цэнтральнай плошчы горада перад мэрыяй.

На месцы былога пастамента з'явіцца флагшток вышынёй 95 метраў - па аналогіі з тым, што ўсталяваны ў сталіцы Кыргызстана - Бішкеку.
Пра гэта паведамляе RTVI.
Хоць мэрыя Оша заклікала не палітызаваць гэтую пастанову, назваўшы дэмантаж «звычайнай практыкай у рамках паляпшэння архітэктурнага і эстэтычнага аблічча горада», у такой пастанове вельмі выразна бачны ўжо звыклы адыход ад пакланення савецкаму правадыру. Дарэчы, частка жыхароў Оша гадамі дыскутавала аб мэтазгоднасці захавання савецкага манумента. Адны ўважалі яго за састарэлы сімвал ідэалогіі, іншыя баранілі як элемент гісторыка-культурнай спадчыны.
Дэмантаж адбыўся на фоне дастаткова шырокіх змен у постсавецкіх краінах Цэнтральнай Азіі. Як вядома, у Кыргызстане і Казахстане ў апошнія гады актыўна мяняюць расейскамоўныя тапонімы на варыянты на дзяржаўнай мове, што неаднаразова выклікала незадаволенасць з боку Масквы.
Раней, у 2003 годзе, помнік Леніну таксама прыбралі з цэнтральнай плошчы Ала-Тоа ў Бішкеку. Замест яго ўсталявалі манумент эпічнаму герою Манасу Вялікадушнаму. У студзені 2025 года прагучала новая ініцыятыва - замяніць статую каля Гістарычнага музея помнікам Турдакуну Усубаліеву, якога ўважаюць адным з ключавых дзеячаў савецкага перыяду ў рэспубліцы.