Улады бяруцца за аўдытараў
8- 7.06.2025, 21:08
- 6,482

Іх колькасць могуць скараціць.
У Беларусі падрыхтавалі законапраект, якім хочуць увесці змены ў працы аўдытараў. Гэты дакумент абмеркавалі на пасяджэнні экспэртнай рады пры так званым савеце рэспублікі, піша «Зеркало».
Гаворка ідзе аб праекце закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь аб аўдытарскай дзейнасці». Дакумент распрацавалі для «ўдасканалення парадку выканання аўдытарскіх паслуг з улікам правапрымяняльнай практыкі», удакладняюць у так званым Савеце Рэспублікі.
Сярод іншага законапраект прадугледжвае «магчымасць скарачэння колькасці аўдытараў, для якіх аўдытарская арганізацыя з'яўляецца асноўным месцам працы, з пяці да трох чалавек».
Таксама чыноўнікі хочуць увесці патрабаванне аб наяўнасці бездакорнай дзелавой (прафесійнай) рэпутацыі ў аўдытара, а таксама ў фізічнай асобы, якая прэтэндуе на атрыманне кваліфікацыйнага атэстата аўдытара.
Законапраектам таксама хочуць адкарэктаваць перыядычнасць правядзення вонкавай ацэнкі якасці працы аўдытарскіх арганізацый.
Таксама прадугледжанае пашырэнне падстаў для анулявання кваліфікацыйнага атэстата аўдытара ці індывідуальнага прадпрымальніка або кіраўніка аўдытарскай арганізацыі.
Ураду хочуць даць права вызначаць пералік арганізацый, якія маюць асаблівую эканамічную значнасць для Беларусі, і абумоўліваць для іх асаблівасці выканання аўдытарскіх паслуг.