У РФ выявілі сакрэтныя лагеры для ваеннапалонных УСУ
5- 8.06.2025, 11:04
- 14,420

Адтуль ніякіх звестак.
У Расеі створаная сетка сакрэтных лагераў для ўкраінскіх ваеннапалонных, якая існуе асобна ад афіцыйнай пенітэнцыярнай сістэмы.
Аб гэтым піша расейскае выданне «Агентство. Новости».
Як распавёў выданню адвакат Мікалай Полазаў, аб існаванні сакрэтных турмаў для ўкраінцаў праваабаронцы даведаліся толькі цяпер і выпадкова - з даведак аб месцах утрымання вайскоўцаў УСУ, узятых у палон у Курскай вобласці і пад Данецкам.
«У шэрагу крымінальных спраў у дачыненні да ваеннапалонных, якія мы вялі ў судах, мы ўбачылі даведкі аб тым, дзе іх утрымлівалі», — растлумачыў Полазаў.
З яго слоў, як правіла, палонных украінцаў у Расеі ўтрымліваюць у звычайных СІЗА ці турмах. Але цяпер з судовых дакументаў стала вядома, што існуе яшчэ і нейкі «цэнтр часовага ўтрымання асоб, затрыманых за супрацьдзеянне СВА».
Полазаў мяркуе, што такіх цэнтраў у Расеі стварылі мінімум чатыры-пяць, але іх можа выявіцца і больш. Ніякіх звестак аб тым, дзе могуць знаходзіцца такія ўстановы, праваабаронцам устанавіць не ўдалося.
«Яны не ўваходзяць у Федэральную сістэму выканання пакаранняў, яны кантралююцца, відавочна, Мінабароны і вайсковай паліцыяй. І адтуль ніякіх звестак - мы падавалі запыты - катэгарычна не даюць», - адзначыў Полазаў.
Таксама невядома, колькі ўкраінцаў утрымліваюцца ў такіх месцах.
Полазаў адзначае, што ў сакрэтных турмах палонныя знаходзяцца ў нечалавечых умовах, пра што расказваюць тыя, каго ўжо ўдалося вызваліць з палону. У той жа час у афіцыйных СІЗА, куды ваеннапалонных змяшчаюць у выпадку, калі расейская дзяржава пастанаўляе судзіць іх «паводле закона», умовы ўтрымання звычайна крыху лепшыя, кажа праваабаронца.
Полазаў мяркуе, што пасля заканчэння вайны сістэма сакрэтных турмаў можа быць маштабаваная для рэпрэсавання ўжо саміх расейцаў.