OSINT-эксперт: Сакрэтныя прагнозы Крамля прадракаюць катастрофу РФ
15- 8.06.2025, 17:14
- 30,600

Але Пуцін не спыняецца.
Вайна супраць Украіны вядзе Расею да незваротнай катастрофы ў самых розных сферах. Пра гэта распавёў вядомы OSINT-эксперт Tatarigami_UA, спасылаючыся на аналіз крамлёўскіх аналітыкаў.
Допіс пра гэта ён апублікаваў на сваім акаўнце ў сацсетцы Х.
Са слоў эксперта, ён у 2024 годзе атрымаў доступ да аб'ёмных аналітычных матэрыялаў, якія былі падрыхтаваныя для кіраўніцтва РФ, у тым ліку для Рады бяспекі. У гэтых дакументах былі пралічаныя мадэлі таго, што далей будзе з Расеяй у сферы эканомікі, дэмаграфіі, тэхналагічным развіцці і гэтак далей.
«З аналізу выразна вынікае: працяг цяперашняга курса прывядзе да незваротных праблем у дэмаграфіі, эканоміцы і тэхналагічным развіцці, што адкіне Расею на дзесяцігоддзі назад у параўнанні з кіроўнымі геапалітычнымі гульцамі. У найлепшым выпадку ёй удасца захаваць статус рэгіянальнай сілы, страціўшы нават тыя пазіцыі, якія мае зараз», - распавёў эксперт.
Ён зазначыў, што, нягледзячы на вельмі трывожныя прагнозы і адсутнасць перспектыў, расейцы ўпарта працягваюць агрэсію супраць Украіны.
«Уявім песімістычны для нас сцэнар: Расея з яшчэ паўмільённымі стратамі забітых і параненых усё ж захоплівае значную частку левабярэжнай Украіны. Што гэта дае стратэгічна? Што яны атрымаюць? Руіны гарадоў і сёл? Мільёны пенсіянераў, якія засталіся ў «хрушчоўках»? Украіна, якая і сама знаходзіцца ў дэмаграфічным крызісе, не кампенсуе гэтыя страты - ні эканамічна, ні чалавечым рэсурсам. Я прывык думаць, што стратэгічнае планаванне ў вайскова-палітычным кіраўніцтве грунтуецца на пэўнай логіцы - наяўнасці рэсурсаў і шанцах дасягнуць выгаднага выніку. Калі ж працяг дзеянняў ва ўсякім сцэнары прыводзіць толькі да пагаршэння сітуацыі, то навошта працягваць? Нават у самым аптымістычным для іх прагнозе вынік не будзе лепшы, чым у выпадку спынення вайны зараз. Такім чынам, альбо логіка ў вайскова-палітычным кіраўніцтве Расеі скажоная настолькі, што яе цяжка зразумець, альбо мы маем справу з формай калектыўнага псіхічнага расстройства. Гэтая дылема становіцца цэнтральнай, калі сутыкаешся са звесткамі, якія прадракаюць крах, але пры гэтым бачыш упарты працяг самагубнага курсу», - канстатаваў Tatarigami_UA.