23 чэрвеня 2025, панядзелак, 22:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адвакатка палітвязня Мікалая Дзядка расказала пра катаванні

4
Адвакатка палітвязня Мікалая Дзядка расказала пра катаванні
Мікалай Дзядок
Фота: spring96.org

Лукашысты збівалі актывіста, каб атрымаць паролі ад жорсткага дыска.

Палітвязня анархіста Мікалая Дзядка, асуджанага на пяць гадоў пазбаўлення волі, жорстка збівалі пры затрыманнях і ў 2017-м, і ў 2020-м. Мужчыну распылялі ў твар слезацечны газ і апраналі на галаву падушку. Пра гэта ў інтэрвію «Радыё Свабода» распавяла адвакатка палітвязня Наталля Мацкевіч.

Мацкевіч пазнаёмілася з Мікалаем Дзядком у шпіталі, дзе ён ляжаў з чэрапна-мазгавой траўмай - апошняя з'явілася пасля яго затрымання па дарозе на марш у Дзень Волі 25 сакавіка 2017 года.

«Таму для мяне была даволі прадказальнай сітуацыя, калі «праваахоўныя органы» білі Мікалая, дзе толькі яго бачылі. У 2017 годзе яго нават не прынялі ў ізалятар часовага ўтрымання, а адправілі ў лякарню хуткай дапамогі пасля затрымання», - распавяла Мацкевіч.

У лістападзе 2020 года адвакатцы сталі дасылаць кадры з відэа, на якіх быў збіты Мікалай Дзядок. З кадраў, як распавяла Мацкевіч, дасведчаныя людзі разумелі, што ён не проста збіты і што выкарыстоўвалі слезацечны газ.

«Таго, што я на наступны дзень убачыла ў ІЧУ, я нікому не пажадаю бачыць. Мікалай Дзядок не быў зламаны, але ён быў рэальна разбіты, збіты. Кроў з яго не цякла, але і рукі, і твар былі ў слядах ад збіцця. Ён нават сам не чакаў, што з ім могуць абыходзіцца так брутальна. Гэта была цэлая ноч збіцця і пагроз. Потым ён расказваў пра гэта ў судзе. Ён сказаў мне: «Зрабіце нешта, каб гэта больш не паўтарылася». Наколькі я ведаю, у той перыяд гэта не паўтарылася - спадзяюся, што і цяпер не», - распавяла адвакатка.

Абарона паказала следчаму гематомы падабароннага. Яны былі па ўсіх нагах, па ўсіх ягадзіцах, па ўсёй спіне.

«Я шмат чаго бачыла, але такога не хацела б больш ніколі бачыць. Я адразу ж напісала хадайніцтва аб правядзенні экспертызы. Хоць экспертызу правялі праз нейкі тыдзень, там ёсць фота ягоных сінякоў з апісаннем, памерамі і высновай, што яны не маглі ўтварыцца пры падзенні. Гэтая экспертыза ёсць і ў ягонай крымінальнай справе, але па факце перавышэння службовых паўнамоцтваў павінна была быць асобная праверка. Праверка была, але яна, як заўсёды, ні да чаго не прывяла, як і ўсе заявы аб катаваннях у той час», - распавяла адвакатка.

Са слоў Мацкевіч, Мікалая Дзядка збівалі, каб атрымаць паролі ад жорсткага дыска. Пры затрыманні яму надзявалі на галаву падушку, распылялі слезацечны газ у твар і закрывалі яго ў падсобцы, куды распылялі газ, білі рукамі і нагамі.

«Потым у будынку ГУБАЗіК яго білі да самай раніцы, закоўвалі ў кайданкі, пагражалі», - распавяла Наталля Мацкевіч.

Нагадаем, анархіста затрымалі 11 лістапада 2020 года, моцна збівалі і катавалі — пра гэта Дзядок расказваў на судзе. У выніках судова-медыцынскай экспертызы абвінавачанага, якая праводзілася 17 і 24 лістапада, зафіксавалі траўмы: «кровападцёкі верхняга і ніжняга павека, паясніцы, плечавога сустава, сцёгнаў, <…> 13 траўматычных уздзеянняў цвёрдым тупым прадметам, што не характэрна для падзення».

Праз два тыдні пасля затрымання праваабаронцы прызналі Дзядка палітвязнем.

Мікалая Дзядка прызналі «вінаватым» паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. На судзе віну сваю актывіст не прызнаў.

Менгарсуд прызначыў яму пяць гадоў калоніі, Вярхоўны суд пакінуў прысуд без змен.

Пазней Дзядку ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. Увесь час у зняволенні на яго ціснуць. Актывіста ўнеслі ў спіс «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

У верасні 2024 года супраць Дзядка распачалі крымінальную справу паводле ч.1 арт.411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Ці быў суд і якія яго вынікі, незразумела.

Пазней стала вядома, што Мікалай Дзядок павінен быў выйсці з турмы 25 красавіка 2025 года, але супраць яго распачалі яшчэ адну крымінальную справу паводле ч.1 арт.411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі турмы).

Мікалай Дзядок быў палітвязнем і 10 гадоў таму.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках