У Варшаве адбудзецца сустрэча са Святланай Алексіевіч
- 8.06.2025, 18:33
- 2,800

Сустрэча з нобелеўскай лаўрэаткай пройдзе ў Новым тэатры 16 чэрвеня.
16 чэрвеня лаўрэатка Нобелеўскай прэміі і ганаровая старшыня Беларускага ПЭНа Святлана Алексіевіч сустрэнецца з чытачамі ў Варшаве, паведамляе «Еўрарадыё». Мерапрыемства адбудзецца ў Новым тэатры на Макатуве, пачатак а 19:00. Уваход вольны!
Днямі Святлане Алексіевіч споўнілася 77 гадоў. Яна вядомая пісьменніца і журналістка, а ў 2015 годзе атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры - за «поліфанічныя творы, помнік пакутам і мужнасці ў наш час».
Галоўная праца Алексіевіч - цыкл з пяці кніг пра «чырвонага чалавека». Яе творы прысвечаныя ўдзелу жанчын у Другой святовай вайне, катастрофе на Чарнобыльскай АЭС, савецкай інтэрвенцыі ў Афганістане, жыццю постсавецкіх краін у пераходны перыяд.
Даследчыкі класіфікуюць творы Святланы Алексіевіч як дакументальную прозу. А сама аўтарка гаворыць пра сваю творчасць: «Я не пішу сухую, голую гісторыю фактаў, падзей — я пішу гісторыю пачуццяў».