Politico: Паміж Маскам і Трампам усталявалася хісткае перамір'е
8- 8.06.2025, 20:10
- 4,186

Але будучыня іх адносін абсалютна нявызначаная.
Хісткае перамір'е ў канфлікце ў сацыяльных сетках паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і мільярдэрам Ілонам Маскам усталявалася пасля таго, як у пятніцу, 6 чэрвеня, прадстаўнікі абодвух бакоў правялі тэлефонную размову.
Са словаў суразмоўцы, Трамп перастаў публікаваць паведамленні пра Маска ў сваёй сацсетцы Truth Social, але гэта не значыць, што прэзідэнт Штатаў задаволены.
«Будучыня іх адносін абсалютна нявызначаная», - дадаў чыноўнік.
Трамп і Маск прыпынілі свой слоўны канфлікт, падчас якога мільярдэр прапаноўваў аб'явіць кіраўніку дзяржавы імпічмент, а прэзідэнт пагражаў бізнэсмену скасаваць федэральныя кантракты з яго кампаніямі. Аднак ніводзін з іх не хацеў паўзы, адзначылі крыніцы, азнаёмленыя з рэакцыяй абодвух удзельнікаў спрэчкі.
Ілан Маск і Дональд Трамп пасварыліся праз бюджэтны законапраект Рэспубліканскай партыі, які мільярдэр публічна раскрытыкаваў.
Ён абвінаваціў Трампа ў непаслядоўнасці і заклікаў да яго імпічменту. У адказ Трамп назваў Маска «непаважлівым» і заявіў, што не плануе аднаўляць з ім адносіны.