The Telegraph: РФ падманам заваблівае афрыканцаў на вайну
1- 9.06.2025, 11:17
- 3,702

Абяцаюць працу на фабрыцы шампуню ў Маскве.
Расея завербавала на вайну супраць Украіны 36-гадовага Джына Анану з Камеруна. Яму паабяцалі працу на фабрыцы шампуню ў Маскве, паведамляе The Telegraph, спасылаючыся на выведвальныя звесткі.
Пасля страты працы Анана шукаў спосаб утрымліваць жонку і траіх маленькіх дзяцей. Як пазней распавёў украінскім следчым, ён надумаў скарыстацца магчымасцю добра зарабіць і ў сакавіку за свой кошт набыў квіток у Маскву.
Там ён далучыўся да многіх іншых маладых афрыканцаў, якія едуць у Расею ў пошуках вучобы ці працы.
Адразу пасля прыбыцця Анану затрымалі разам з дзесяццю іншымі грамадзянамі Бангладэш, Камеруна, Зімбабвэ і Ганы. Ім заявілі, што замест працы яны павінны падпісаць гадавы кантракт на службу ў расейскім войску і адправіцца на вайну супраць Украіны.
"Анана стаў адным з сотняў, а магчыма, і тысяч афрыканцаў, якія былі адпраўленыя на перадавую. Некаторых завербавалі працаваць на фабрыках, каб падтрымліваць функцыянаванне вайсковай машыны Расеі. Многія з іх апынуліся ў войску з-за падману, прымусу або падпісання кантрактаў пад ціскам», – адзначаюць журналісты.
Паводле звестак выведкі, з якімі азнаёмілася выданне, афрыканцаў завабліваюць грашовымі абяцаннямі або прымушаюць да службы.
Анана, якому паабяцалі высокі заробак, вымушаны быў падпісаць кантракт. Ён прайшоў пяцітыднёвую вучобу ў Растове і Луганску разам з дзесяццю замежнікамі з Бангладэш, Зімбабвэ і Бразіліі.
Падчас вучобы яму дазвалялі тэлефанаваць дадому, але перад адпраўкай на фронт у яго адабралі тэлефон і дакументы.
У пачатку траўня яму і яшчэ васьмі байцам загадалі заняць бункер. У выніку абстрэлу загінулі ўсе, акрамя Ананы, які паранены праляжаў у завалах шэсць дзён. Яму ўдалося выбрацца, пасля чаго яго ўзялі ў палон.
Яшчэ адзін нядаўна захоплены афрыканец, 25-гадовы Малік Дыёп з Сенегала, расказаў украінскім вайскоўцам, што вучыўся ў Расеі, калі ў адным з гандлёвых цэнтраў да яго падышлі вярбоўшчыкі.
Завербаваны Малік Дыёп
Фота: telegraph.co.uk
Яны паабяцалі яму працу мыцця посуду ў Луганску за $5700 за месяц. Але ўжо праз тыдзень яму выдалі зброю, гранаты і каску – і адправілі на перадавую пад Тарэцкам.
«Мы пачалі бачыць мёртвых у лесе, шмат целаў у будынках. Гэта зрабіла на мяне моцнае ўражанне», – успамінае Дыёп.
Пасля ён зняў форму, пакінуў зброю і дэзерціраваў, але праз два дні яго схапілі.
У некаторых выпадках мужчын затрымлівалі ў аэрапорце і прымушалі падпісваць вайсковыя кантракты.
Паводле справаздачы Глабальнай ініцыятывы супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці, расейская кампанія таксама вярбуе сотні маладых жанчын - пераважна з Афрыкі для працы на вытворчасці іранскіх дронаў.
Іх наймалі ў кампанію ў спецыяльнай эканамічнай зоне "Алабуга" (Елабуга, на ўсход ад Масквы), абяцаючы добры заробак і магчымасць навучання.
Зрэшты, жанчынам не паведамлялі, што яны будуць працаваць на вайсковым аб'екце.