Politico: Мэрц здаў важны экзамен
5- 9.06.2025, 11:57
- 7,406

Фота: Getty Images
Асобнай увагі заслугоўвае новы курс канцлера Нямеччыны.
Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц імкліва ўключыўся ў сусветную дыпламатыю, спрабуючы пазначыць новую замежнапалітычную стратэгію Бэрліна, піша Politico (пераклад - сайт Charter97.org).
Нягледзячы на кароткі тэрмін ва ўладзе - усяго месяц - ён ужо прадэманстраваў прыкметную актыўнасць: аднаўленне стасункаў з Францыяй, спробы зблізіцца з Вялікабрытаніяй і Польшчай, візіты ў Літву і актыўны дыялог з прэм'ер-міністрам Італіі Джорджыяй Мелані. Аднак першы сур'ёзны дыпламатычны экзамен Мэрц здаў у Вашынгтоне, дзе сустрэўся з Дональдам Трампам.
Насуперак асцярогам, візіт прайшоў спакойна: Мэрц не стаў падыгрываць Трампу, як некаторыя ягоныя калегі, і абмежаваўся стрыманым падарункам — копіяй пасведчання аб нараджэнні дзеда прэзідэнта ЗША. Нягледзячы на адсутнасць канкрэтных дамоўленасцяў, візіт быў успрыняты ў Бэрліне як паспяховы крок у паляпшэнні «атмасферы» паміж краінамі.
Тым не менш у ключавых пытаннях, такіх як урэгуляванне канфлікту ва Украіне або пастаўкі нямецкіх ракет Taurus — Мэрц аддае перавагу стратэгічнай нявызначанасці. Хоць ён ужо тройчы сустракаўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, яго ўрад дагэтуль не выканаў абяцанні, дадзеныя ў апазіцыі.
Асобнай увагі заслугоўвае новы курс: Мэрц і яго каманда абвясцілі аб «стратэгічным культурным зруху» ў абароннай палітыцы. Гучаць амбіцыйныя лічбы — да 5% ВУП на абарону, ствараецца Нацыянальная рада бяспекі, а МЗС зноў кантралюе партыя ХДУ.
Наперадзе — важны саміт NATO ў Гаазе. Менавіта ён стане наступнай праверкай здольнасці пана мэрца не толькі заяўляць аб пераменах, але і рэалізоўваць іх на справе.