Вусік прапанаваў Трампу пажыць у яго доме
11- 9.06.2025, 14:57
- 9,434
Украінскі баксёр заявіў, што прэзідэнт ЗША не адказвае за свае словы.
Украінскі баксёр Аляксандр Вусік запрасіў Дональда Трампа ў Кіеў, каб той змог убачыць ракетныя абстрэлы з боку Расеі на свае вочы. У інтэрв'ю CNN ён выказаў гатоўнасць пасяліць амерыканскага прэзідэнта ў сябе дома і забяспечыць яго «поўнай бяспекай».
Вусік перакананы, што Трамп павінен адказаць за свае словы, калі ён абяцаў хутка закончыць вайну Расеі супраць Украіны.
«Ён сказаў, што за месяц ці за дзень ён спыніць гэтую вайну. Ён не адказвае за свае словы», - сказаў спартовец.
Таму Вусік запрасіў Трампа прыляцець у Кіеў. Баксёр заявіў, што гатовы даць прытулак кіраўніку Белага дома ў сябе дома цягам тыдня, каб той на свае вочы ўбачыў, «як над ім лётаюць ракеты і як жывуць людзі ва Украіне».
«Я прапаную яму свой дом. Хай прыязджае ва Украіну. Я дам яму свой дом і сваіх целаахоўнікаў. Я забяспечу яму поўную бяспеку. Хай прыязджае і жыве тыдзень, не адзін дзень, хай прыязджае таемна, каб ніхто не ведаў, што ён прыехаў», – сказаў Вусік.