У беларускі, якая прыбыла з Паўночнага Кіпра, канфіскавалі буйную суму гатоўкі
10- 9.06.2025, 15:33
- 11,642

Грошы яна схавала вельмі вынаходлівым спосабам.
У грамадзянкі Беларусі, якая прыбыла з Паўночнага Кіпра авіярэйсам Стамбул-Менск, менскія мытнікі выявілі буйную суму незадэклараваных грошай. Грошы яна схавала вельмі вынаходлівым спосабам, паведамляе «Зеркало» са спасылкай на Дзяржаўны мытны камітэт.

У Нацыянальным аэрапорце Менск жанчына прайшла па зялёным калідоры, тым самым заявіўшы, што дэклараваць ёй няма чаго. Аднак мытнікі перанакіравалі грамадзянку ў чырвоны калідор для кантролю.
Пры даглядзе багажу яна паказала мытнікам 6 600 даляраў і 3 000 турэцкіх лір (блізу 75 даляраў), а аб наяўнасці яшчэ 22 000 даляраў змаўчала.
«Названыя грошы былі схаваныя ад мытнага кантролю»
- загорнуты ў фольгу і схаваныя ўнутры упаковак з жаночымі гігіенічнымі прыладамі пракладкамі - паведамілі ў ДМК.
У дачыненні да беларускі распачаты адміністрацыйны працэс за недэклараванне альбо прадстаўленне недакладных звестак аб таварах (ч.2 арт. 15.5 КоАП). Ёй пагражае штраф да 1 260 рублёў (30 базавых адзінак) з канфіскацыяй валюты або без.