У Гародні на відэа трапіў «вельмі правільны» ліс
3- 9.06.2025, 17:04
- 6,118

Жывёліна здзівіла выкананнем правілаў дарожнага руху.
Дзікія жывёліны часам селяцца бліжэй да чалавека. У Гародні ў апошнія гады стала шмат лісаў. "Рудыя" перабіраюцца з лесу ў горад часцей за ўсё ў пошуках ежы. Але для жывёл такі “пераезд" яшчэ азначае і перамену ў паводзінах. Жыць трэба згодна з гарадскімі правіламі.
Яскравы таму прыклад - паводзіны аднаго з лісаў, які патрапіў на камеру відэарэгістратара, піша Newgrodno.
Усё адбываецца ўвечары ў Грандзічах. Машына з рэгістратарам пад'язджае да скрыжавання. Для транспарту загараецца "чырвоны”, для пешаходаў – “зялёны”.
Але замест людзей на “зебры” з'яўляецца ліс. Дачакаўшыся патрэбнага сігналу святлафора, ён спакойна і бяспечна перасек дарогу. А далей пабег кудысьці ў сваіх лісіных справах.
Здаецца, нават людзям часам варта вучыцца ў жывёл скрупулёзнаму захаванню правілаў. Бо быў ужо позні вечар, аўто на дарозе мала, але ліс выбраў для пераходу дарогі менавіта адцінак са святлафорамі.