Портнікаў расказаў пра «катастрофу катастроф» для Пуціна
11- 9.06.2025, 17:12
- 14,644

Наступствы далейшай барацьбы з Украінай могуць быць самагубнымі для РФ.
Галоўным дасягненнем у правядзенні аперацыі «Павуцінне» ўкраінскі палітолаг і публіцыст Віталь Портнікаў уважае той факт, што за паўтара года падрыхтоўкі інфармацыя аб планах СБУ не прасачылася ў Расею. Украінскія спецслужбы цалкам вызваліліся ад кантролю расейскіх.
Палітычны аглядальнік нагадаў падзеі нядаўніх гадоў, калі Расея мела ўплыў на кіраўніцтва Украіны:
«У нас у прыёмнай прэм'ер-міністра Украіны (цяпер расейскага акадэміка Азарава) сядзелі грамадзяне Расейскай Федэрацыі, якія кантралявалі яго сустрэчы і яго парадак дня, і так было з многімі людзьмі ад прэм'ер-міністра да міністра абароны Украіны, начальніка СБУ і гэтак далей. Вядома, такую краіну перамагчы вельмі лёгка, таму што сам начальнік Генштаба або прэм'ер-міністр будзе вам паведамляць аб кожным кроку, а тут было, што вы не можаце даведацца аб аперацыі, якая для вас з'яўляецца самай важнай, таму што яна накіраваная супраць вашых стратэгічных аб'ектаў. Гэта катастрофа катастроф».
Затым Віталь Портнікаў парадаваў украінцаў добрай навіной: "Гэта сапраўды значыць, што Украіна страчаная для Расеі, і яна не можа быць краінай-сатэлітам, таму што краіна-сатэліт, якая не мае агентуры ў спецыяльных службах, некіраваная. Такую краіну або можна пакінуць у спакоі, або знішчыць. Ніякага іншага выніку няма. Я б, вядома, раіў расейцам пакінуць у спакоі, бо наступствы далейшай барацьбы з Украінай могуць быць самагубнымі для Расеі як для дзяржаўнай інстытуцыі, улічваючы тое, што адбылося на аэрадромах».