Орбан: Расейцы разумеюць толькі мову сілы
20- 9.06.2025, 18:40
- 14,364

Галоўны хаўруснік Пуціна ў ЕЗ зрабіў нечаканую заяву.
Кіраўнік вугорскага ўрада Віктар Орбан заявіў, што Масква на міжнароднай арэне рэагуе толькі на праявы сілы і Еўропе неабходна нарошчваць сваю моц. «Я думаю, што расейцы разумеюць толькі мову сілы <…> Еўропа павінна ўмацавацца ў доўгатэрміновай перспектыве, неабходнае стратэгічнае пагадненне з Расеяй», – сказаў ён у інтэрв'ю французскаму тэлеканалу LCI.
З яго слоў, у Расеі недастаткова сіл, каб прымусіць Украіну капітуляваць, і з гэтага вынікае, што далейшага распаўсюджвання канфлікту не будзе. «Расейцы занадта слабыя для гэтага. Яны нават не могуць перамагчы Украіну, таму яны не могуць рэальна атакаваць NATO», - падкрэсліў прэм'ер Вугоршчыны.
У той жа час ён паўтарыў сваю тэзу аб тым, што Кіеў «не варты стаць сябрам NATO або Еўрапейскага Звязу». Ён абгрунтаваў сваю пазіцыю тым, што пры такім сцэнары над Вугоршчынай і ЕЗ навісне пагроза наўпроставай вайны з Расеяй. «Я думаю, мы разумеем гісторыю Украіны крыху лепш, чым французы <…> Мы думаем, што мы не павінны любіць расейцаў, але мы павінны з імі дамаўляцца», - адзначыў Орбан.
Раней ён заяўляў, што Украіна не стане сябрам NATO і пасля вайны ператворыцца ў «буферную зону» паміж Расеяй і Паўночнаатлантычным альянсам.
Таксама падчас інтэрв'ю венгерскі прэм'ер нагадаў, што раней заклікаў лідэраў дзяржаў Еўропы аднавіць дыялог з Уладзімірам Пуціным, бо, паводле яго пераканання, мірнае ўрэгуляванне ва Украіне без гэтага немагчыма.
Орбан разам з прэм'ер-міністрам Славакіі Робертам Фіцо лічыцца асноўным «саюзнікам» Пуціна ў Еўропе, і раней ён неаднаразова заклікаў адмяніць антырасейскія санкцыі, а таксама блакаваў ініцыятывы ЕС па дапамозе Украіне.
Як паведамляла ў красавіку Politico, шэраг краін ЕС, каб абараніць працэс узгаднення агульнаеўрапейскіх абмежаванняў у дачыненні да Масквы ад Орбана, рыхтуюцца перанесці гэтае пытанне на нацыянальны ўзровень. Чакаецца, што калі гэтую ідэю возьмуць на ўзбраенне некалькі вядучых краін саюза, то Венгрыя пазбавіцца магчымасці абмяжоўваць прыняцце рашэнняў ЕС (кожнае з якіх павінна быць ухвалена 27 краінамі-сябрамі).