24 чэрвеня 2025, aўторак, 9:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расею ахапіў харчовы крызіс

34
Расею ахапіў харчовы крызіс

Абвалілася вытворчасць цукру, сланечнікавага алею і мукі.

Дарагія крэдыты, павышэнне падаткаў, падзенне ўраджаю і адсутнасць імпартнага насення прывялі да рэзкага падзення вытворчасці трох базавых харчовых тавараў у Расеі, паведамляе The Moscow Times.

За студзень – красавік 2025 года выпуск у РФ цукру ўпаў на 32,3% у гадавым выразе, сланечнікавага алею – на 15,5%, мукі – на 7,8%, даў справаздачу Расстат у дакладзе «Аб сацыяльна-эканамічным становішчы» краіны.

Толькі ў красавіку, паводле Расстата, расейскія заводы вырабілі на 35 тысячаў тонаў менш цукру, чым год таму (-36,1%), на 108 тысячаў тонаў менш алею (-15,6%) і на 72 тысячы тонаў менш пшанічнай і пшанічна-жытняй мукі (-9,1%).

Агульная вытворчасць прадуктаў харчавання пачала скарачацца ўпершыню з 2021 года: паводле вынікаў першага квартала спад склаў 0,3 адсотка, а да канца красавіка паскорыўся да 0,7 адсотка.

Выпуск цукру скарачаецца ўслед за падзеннем ураджаю цукровых буракоў, па якім ударыў пераход на айчыннае насенне. Іх ураджайнасць была на 20–30% ніжэйшая, чым у імпартных, паводле ацэнак Інстытута кан'юнктуры аграрнага рынку (ІКАР). Летась аграрыі сабралі 44 млн тонаў цукровых буракоў – амаль на 10% менш, чым год таму.

Вытворчасць сланечнікавага алею скарачаецца, паколькі прыносіць страты, тлумачыў у сакавіку выканальны дырэктар Маслатлушчавага звязу Міхаіл Мальцаў: ураджай сланечніку стала больш выгадна прадаваць на экспарт у неапрацаваным выглядзе, бо раздробныя кошты алею не пакрываюць выдаткаў вытворцаў, а павышаць іх рэтэйлеры не рызыкуюць праз ціск. Сама меней два заводы сланечнікавага алею ў Расеі з пачатку года ўжо спынілі вытворчасць праз фінансавыя праблемы.

Стратным стала і вытворчасць мукі: па галіне ўдарыла павышэнне ключавой стаўкі ЦБ і скарачэнне дзяржпадтрымкі, сказаў гендырэктар ІКАР Дзмітрый Рылько. У лютым Звяз мукамольных і крупяных прадпрыемстваў папярэдзіў Мінсельгас пра пагрозу масавых банкруцтваў праз рост ставак у крэдытах да 25% гадавых і вышэй. Праз два месяцы, у красавіку, на мяжу банкруцтва трапіла група кампаній «Грэйн Холдынг» – адзін з найбуйнейшых у краіне вытворцаў мукі і хлеба.

З пачатку вайны Расея тройчы перажывала харчовыя крызісы: у 2023 годзе рэзка ўзляцелі кошты яйкаў, у 2024 годзе рэкордна за 17 гадоў падаражэла сметанковае масла. У 2025 годзе сітуацыя паўтарылася з бульбай: праз неўраджай да траўня рост коштаў яе дасягнуў 173% год да году і пабіў рэкорды за 23 гады даступнай статыстыкі Расстата. Раздробныя сеткі пачалі набываць у Кітая і Манголіі, а ўлады Калінінградскай вобласці ўвялі забарону на вываз бульбы за межы рэгіёну.

Захады ўраду ва ўрэгуляванні харчовага рынку былі «запозненыя», прызнаў у канцы траўня віцэ-прэм'ер Дзмітрый Патрушаў. Ён нагадаў, што ўрад у канцы мінулага года запусціў цэлы комплекс захадаў: сярод іншага, былі абнуленыя ўвазныя мыты на бульбу, цыбулю, моркву і іншую агародніну баршчовага набору, каб напоўніць паліцы крамаў імпартам.

«Усё гэта цалкам дакладна трэба было зрабіць значна раней і ў цэлым комплексна», – сказаў Патрушаў.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках