9 кастрычнiка 2025, Чацвер, 4:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маск абяцае стварыць новую палітычную партыю ў ЗША

8
Маск абяцае стварыць новую палітычную партыю ў ЗША
Фота: AP

Мільярдэр рэзка ўзмацніў сваю антырэспубліканскую рыторыку.

Амерыканскі мільярдэр Ілан Маск абяцае стварыць новую палітычную партыю, калі законапраект Рэспубліканскай партыі аб падатках і выдатках будзе прыняты.

Пра гэта паведамляе The New York Times.

Маск рэзка ўзмацніў сваю антырэспубліканскую рыторыку ў апошнія дні.

Былы хаўруснік Дональда Трампа выказаў меркаванне, што калі законапраект аб унутранай палітыцы будзе прыняты, ён хутка сфармуе новую "Амерыканскую партыю" і падтрымае прэтэндэнтаў на праймерыз супраць амаль кожнага рэспубліканца ў Кангрэсе.

"Калі гэты шалёны законапраект аб выдатках будзе прыняты, Амерыканская партыя будзе сфармаваная на наступны дзень. Нашай краіне патрэбная альтэрнатыва сістэме дэмакратаў і рэспубліканцаў, каб людзі сапраўды мелі голас", - напісаў ён у панядзелак, 30 чэрвеня, у сацсетцы Х.

Таксама Маск абавязаўся прыняць канкрэтныя захады, заявіўшы, што падтрымае прадстаўніка Томаса Масі з Кентукі, аднаго з самых выбітных апанентаў законапраекта Трампа. Хаця розныя фракцыі Рэспубліканскай партыі выказвалі занепакоенасць што да заканадаўчага пакета, што патэнцыйна можа перашкодзіць яго прыняццю, амаль кожны сябра Кангрэса ад Рэспубліканскай партыі падтрымлівае пэўную яго версію.

У той жа вечар Маск, які ахвяраваў амаль 300 мільёнаў даляраў кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі на выбарах 2024 года, напісаў, што амаль уся Рэспубліканская партыя Палаты прадстаўнікоў і Сената "прайграе свае праймерыз налета, калі гэта будзе апошняе, што я зраблю на гэтай Зямлі".

Усяго пяць тыдняў таму мільярдэр казаў зусім іншыя рэчы, сцвярджаючы, што выдаткуе "значна менш" на выбары ў цыкле 2026 года.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках