Стала вядома, як пачуваецца дзіця, якога беларус кінуў на падлогу ў аэрапорце Шарамецева
14- 1.07.2025, 10:15
- 8,482

Лекары падзяліліся прагнозам.
Дзіця, якое беларус кінуў на падлогу ў маскоўскім аэрапорце Шарамецева (РФ), адключылі ад апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Пра гэта паведаміў набліжаны да расейскіх сілавікоў тэлеграм-канал 112.
Хлопчык дыхае самастойна. Ён усё яшчэ ў цяжкім стане, але лекары выказваюць асцярожны аптымізм - дынаміка добрая. Яго ўжо выводзілі з медыкаментознай комы, але ненадоўга - працэс абуджэння будзе паступовым.
Нагадаем, інцыдэнт адбыўся 23 чэрвеня ў зоне выдачы багажу ў аэрапорце Шарамецева. Беларус падышоў да чужога дзіця, падняў яго на вышыню і з усяе сілы кінуў на падлогу. Першапачаткова паведамлялася, што мужчына прыляцеў з Кабула (Афганістан), але пазней высветлілася, што ён ляцеў транзітам з Егіпта ў Менск.
Пацярпелага малога медыкі ўвялі ў медыкаментозную каму. У яго дыягнаставалі адкрыты пералом чэрапа, гематомы і пералом пазваночніка.
Мужчыне выставілі абвінавачанне ў замаху на забойства двухгадовага дзіцяці з хуліганскіх памкненняў (ч. 3 арт. 30, п.п. "у, і" ч. 2 арт. 105 КК РФ). Санкцыя артыкула прадугледжвае ад васьмі да дваццаці гадоў калоніі альбо пажыццёвае зняволенне.
26 чэрвеня расейскі суд задаволіў хадайніцтва следства і ўзяў абвінавачанага пад арышт на два месяцы. Са слоў мужчыны, ён знаходзіцца на ўліку ў псіхіятра з дыягназам шызафрэнія, судзімасці не мае, піша ТАСС. Ён жанаты, выхоўвае дзвюх дачок 2 і 13 гадоў. У яго ёсць рэгістрацыя ў Расеі на тэрыторыі Хімак. Мае сярэднюю адукацыю, працуе мантажнікам кабельных сетак.