21 жнiўня 2025, Чацвер, 9:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кампанія, звязаная з кумам Пуціна, пастаўляе тавары з акупаваных тэрыторый Украіны на беларускія прадпрыемствы

4
Кампанія, звязаная з кумам Пуціна, пастаўляе тавары з акупаваных тэрыторый Украіны на беларускія прадпрыемствы

Сярод пакупнікоў - гіганты прамысловасці.

Грузы з акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь пастаўляе кампанія, яшчэ летась афіляваная з былым украінскім палітыкам і алігархам Віктарам Мядзведчуком, вядомым як кум Пуціна.

Гэта высветлілі ўкраінскія журналісты. Беларускі расследавальніцкі цэнтр, па слядах іх расследавання, даведаўся, якія буйныя айчынныя прадпрыемствы з ёй супрацоўнічаюць.

"Флоранс" - для Беларусі

У 2024 годзе з акупаваных тэрыторый Украіны беларускія прадпрыемствы прынялі 674 вагоны разнастайных грузаў. З чаго больш за 40% - у апошнім квартале.

Журналісты БРЦ даведаліся пра гэта з дакументаў, да якіх атрымала доступ "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі". Перавозчыкам выступіла расейскае ТАА "Флоранс".

Кампанія вазіла пераважна металічную і мінеральную сыравіну, але ў канцы 2024-га з'явілася новая пазіцыя - антрацыт. Менавіта ў чацвёртым квартале дзевяць вагонаў гэтага гатунку каменнага вугалю даставілі для ААТ "Скідальскі цукровы камбінат".

Сёлета перавозкі з акупаваных тэрыторый у Беларусь працягваюцца, хаця і ў істотна меншых аб'ёмах.

Паводле інфармацыі "Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі", у першым квартале 2025-га беларускія прадпрыемствы пры пасярэдніцтве "Флоранс" атрымалі 30 вагонаў грузаў. 14 вагонаў з рознымі сталёвымі вырабамі прыняло ТДА "Металургічная кампанія Прамбудметал".

Сем вагонаў ліставой сталі атрымала ЗАТ "АЗТМ" (Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання), столькі ж вагонаў ліцейнага коксу ў гэты перыяд прыйшло на адрас ААТ "Гомельбудматэрыялы".

Маршруты паставак

Паводле інфармацыі "Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі", лагістычны ланцужок выглядае наступным чынам: грузы вывозяць з акупаваных рэгіёнаў Данбаса, Запарожжа і Херсоншчыны чыгункай у Расею, а адтуль - у Беларусь.

"Флоранс" выступае арганізатарам перавозкі на расейскім участку маршруту і далей да беларускай мяжы, пасля чаго эстафету прымаюць беларускія перавозчыкі-экспедытары.

БРЦ удалося высветліць дадатковыя дэталі гэтай схемы. Сёлета ў лютым амаль 70 тон металічнай прадукцыі выехала з Енакіева ў акупаванай частцы Данецкай вобласці на станцыю Сцяпянка пад Менскам.

Атрымальнікам выступіла "Металургічная кампанія Прамбудметал", а экспедытарам на тэрыторыі Беларусі — ТАА "Авантрэйл".

Таксама мы даведаліся, адкуль ішлі некаторыя грузы: летась тавары адпраўляў ТАА "Данецкі завод кіслотаадпорных матэрыялаў". Ён даставіў дзве партыі па 69 тон дыябазавых парашкоў для прыватнага прадпрыемства "Спецхімкамплект", зарэгістраванага ў Менскай вобласці.

Сярод асноўных беларускіх заводаў-спажыўцоў тавару, які заходзіць праз "Флоранс", - аўтамабілебудаўнічы гігант "БелАЗ" (поўная назва - Адкрытае акцыянернае таварыства "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынгу "БЕЛАЗ-Холдынг"), Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання і менскі вытворца будаўнічых матэрыялаў ААТ "Керамін".

"Флоранс" з і без Мядзведчука

У канцы 2023 года праект "Сістэма" ўпершыню паведаміў аб сувязі паміж "Флоранс" і Віктарам Мядзведчуком. Журналісты выявілі, што на акупаваным Данбасе малавядомая кампанія выцесніла папярэдняга перавозчыка, звязанага з алігархам Сяргеем Курчанкам, і стала асноўным лагістычным аператарам.

У тым жа годзе расейскі ўрад паведаміў аб магчымасці выкарыстання "Флоранс" у якасці перавозчыка для чыгуначных грузаў на акупаваныя тэрыторыі Украіны. Кампанія ў пастанове не згадваецца, але кантакты прапанаванага перавозчыка тыя ж, што і на сайце "Флоранс".

Журналісты з Slidstvo.Info і KibOrg высветлілі, што кампанія вывозіла ўкраінскае збожжа ў 2023 годзе і на працягу 2024-га абслугоўвала крымскі тытанавы бізнэс, які пасля анэксіі перайшоў ад алігарха Дзмітрыя Фірташа да братоў Аркадзя і Барыса Ратэнберга, блізкіх сяброў Уладзіміра Пуціна.

З кіраўніком Расеі звязаны і Мядзведчук. Пуцін - хросны бацька яго дачкі Дарыі. Хросная маці - Святлана Мядзведзева, жонка намесніка старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева.

Ва Украіне Мядзведчука абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе і парушэнні звычаяў вайны. Яго затрымалі ў красавіку 2022 года, а ў верасні перадалі Расеі ў рамках маштабнага абмену палоннымі. У траўні 2021 года журналісты ўстанавілі, што кампанія Віктара Мядзведчука супрацоўнічае з фірмамі аднаго з "кашалькоў" Лукашэнкі — Мікалая Вераб'я.

У пачатку 2025 года "Флоранс" перажыла структурныя змены. Паводле расейскага рэестра, з ліку саўладальнікаў фірмы ў студзені выйшла кампанія АТ "Тэрмінал". Менавіта праз яе раней - са жніўня 2023 года да студзеня гэтага - прасочвалася сувязь "Флоранс" з Мядзведчуком.

Новым уласнікам стала АТ "Аліёт", якім валодае Цімур Сатдараў. Да таго, як стаць уласнікам буйной міжнароднай транспартнай кампаніі, мужчына меў у Расеі дробны бізнэс продажу крафтавых кансерваў. Даказаць яго сувязь з Мядзведчуком на момант публікацыі не ўдалося.

У чым парушэнне закону?

Краіна-акупант не мае права вывозіць прадукцыю ці рэсурсы з акупаванай тэрыторыі. Такія дзеянні могуць разглядацца як марадзёрства. Такое палажэнне змяшчае 55 артыкул Гаагскай канвенцыі:

"Дзяржава, якая заняла вобласць, павінна прызнаваць за сабою толькі правы кіравання і карыстання ў дачыненні да грамадскіх будынкаў, нерухомасцяў, лясоў і сельскагаспадарчых угоддзяў, якія знаходзяцца ў ёй і належаць непрыяцельскай Дзяржаве. Яна абавязана захоўваць асноўную каштоўнасць гэтых відаў уласнасці і кіраваць імі згодна з правіламі карыстання".

БРЦ неаднаразова расследаваў, як расейскія кампаніі вывозяць у Беларусь прадукцыю з акупаваных украінскіх тэрыторый. У прыватнасці - насенне рапсу і сланечніку.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках