Стыхія зрывала дахі і валіла дрэвы па ўсёй краіне
- 1.07.2025, 11:30
- 4,364

Сёння вецер узмоцніцца.
Моцны вецер, які бушаваў у краіне 30 чэрвеня, паваліў 100 дрэў, пашкоджаны аўто і дахі будынкаў, паведамляе МНС.
Паводле аператыўных звестак, за мінулыя дні зафіксаваны 100 выпадкаў падзення дрэў у Берасцейскай (2), Віцебскай (15), Гомельскай (5), Гарадзенскай (8), Менскай (10) і Магілёўскай (37) абласцях і ў Менску (23). Паваленымі дрэвамі пашкоджаны 7 аўтамабіляў у Віцебскай (2) і Менскай (2) абласцях і ў Менску (3). Пацярпелых няма.
У Менскай вобласці праз моцны вецер ратавальнікі зафіксавалі падзенне дрэў у 5 раёнах вобласці: Бярэзінскім, Барысаўскім (3), Крупскім, Менскім (3), Салігорскім (2). Упалым дрэвам у Барысаве пашкоджаны два легкавыя аўтамабілі.
У Менску ў выніку ўзмацнення паўночна-заходняга ветру парывамі 15-20 м/с работнікі МНС 27 разоў выязджалі на выклік. З іх 23 - на распілоўку аварыйных дрэў (галін), 2 - на дэмантаж рэкламнага плаката з білборда, 1 - на дэмантаж аварыйнага дарожнага знака; 1 на - дэмантаж аварыйнага ліста бляхі. У выніку непагадзі пашкоджаны 3 аўтамабілі.
У Магілёўскай вобласці наймацнейшы вецер - 23 метры за секунду - быў у Мсціслаўскім раёне. Праз непагадзі ніхто не пацярпеў, але былі пашкоджаны чатыры дахі грамадскіх будынкаў у Чавускім (крама «Родны Кут») і Мсціслаўскім раёнах (сталярная майстэрня і склад ДУА «Мсціслаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення» і будынак навучальнага корпуса УА "Мсціслаўскі дзяржаўны будаўнічы прафесійна-тэхнічны каледж").
У Гарадзенскай вобласці зафіксаваны выпадкі падзення дрэў у Дзятлаўскім, Ваўкавыскім, Гарадзенскім, Іўеўскім і Лідскім раёнах, а таксама горадзе Горадні.
Паваленыя дрэвы пашкодзілі нежылы дом у Іўеўскім раёне, у Ваўкавыску - дах крамы, а ў Лідскім - плот прыватнага домаўладання. У Ваўкавыску работнікі МНС аказвалі дапамогу ў зняцці сарванага металічнага каўпака вентыляцыі з даху.
У Віцебску ратавальнікі пяць разоў выязджалі пілаваць дрэвы. І яшчэ некалькі разоў у Віцебскім раёне.
У выніку падзення дрэў пашкоджаны 2 аўтамабілі.
На Гомельшчыне дапамога ратавальнікаў спатрэбілася ў вёсцы Дубовы Лог Добрушскага раёна, дзе паваленае дрэва перакрыла праезную частку. Раніцай 1 ліпеня ратавальнікі выязджалі ў Кармянскі раён, дзе ў Высокаўскім дзіцячым садку завісла пры ўваходзе на тэрыторыю зламаная верхавіна дрэва.
Ратавальнікі папярэджваюць, што сёння, 1 ліпеня, па Менску таксама чакаецца ўзмацненне паўночна-заходняга ветру парывамі 15-20 м/с.