Што адбываецца на мяжы Беларусі і Польшчы
1- 1.07.2025, 11:54
- 3,100

Чэргі крыху зменшыліся, але ўсё роўна вялізныя.
У памежным пункце пропуску "Брэст" (сумежны - "Тэрэспаль") захоўваюцца вялізныя чэргі на выезд з Беларусі ў Польшчу. Пра гэта сведчаць звесткі Дзяржаўнага памежнага камітэта на 10.00 1 ліпеня.
Паводле звестак сайта ДПК, выезду ў Польшчу чакалі 2055 аўтамабіляў і 40 аўтобусаў. Гэта шмат, але ўсё ж менш у параўнанні з тым, што было напярэдадні. 30 чэрвеня ў "Брэсце" было 2280–2480 аўто і ад 55 да 60 аўтобусаў. Колькі транспарту стаіць у зваротным кірунку, не паведамляецца.
Паводле звестак польскіх памежнікаў, разліковы час чакання пачатку рэгістрацыі "Тэрэспаль" складае для аўтобусаў чатыры гадзіны, для легкавых аўтамабіляў - 16 гадзін.
Як паведамляе «Белсат», карыстальнікі чата "Варшаўка Мяжа Брэст-Тэрэспаль" аб памежным пераходзе адзначаюць, што ўначы з 30 чэрвеня да 1 ліпеня праехалі мяжу аўтобусам ад шлагбаўма да шлагбаўма за сем гадзін. У зваротным кірунку праезд заняў 7,5 гадзін.
Нагадаем, што ў пункце пропуску «Брэст» - адзіным дзейным пункце на мяжы Беларусі з Польшчай - з 30 чэрвеня да 14 ліпеня рамантуюць дарогу. Памежны камітэт Беларусі рэкамендуе "ўлічваць гэтую інфармацыю пры планаванні паездак у Польшчу".
Велізарная чарга - больш за 1000 аўтамабіляў - стаіць у "Брэсце" з пачатку чэрвеня. Вялікія святы, якія чакаюцца ў Беларусі на гэтым тыдні - з 3 да 6 ліпеня - могуць яшчэ больш ускладніць сітуацыю.