На ўсходзе Афрыкі пачаў нараджацца новы акіян
2- 1.07.2025, 20:29
- 10,366

Калі з'явіцца на мапах?
На тэрыторыі Эфіопіі, у зоне разлому Афар, навукоўцы выявілі сведчанні фармавання новага акіянічнага басейна. Міжнародная каманда геолагаў паказала звесткі, якія пацвярджаюць, што кантынентальная кара ў рэгіёне літаральна разрываецца на часткі. Даследаванне апублікаванае 25 чэрвеня ў часопісе Nature Geoscience.
Гаворка ідзе пра рэдкую геалагічную з'яву – у месцы сыходжання трох тэктанічных плітаў (Афрыканскай, Аравійскай і Самалійскай) пад зямной карой зафіксаваныя пульсоўныя струмені расплаўленай мантыі. «Гэтыя імпульсы нясуць выразныя хімічныя сігнатуры і паднімаюцца праз разломы, уплываючы на тэктанічныя пліты», – расказала аўтарка даследавання, геолаг Эма Уотс з Універсітэта Суёнсі.
Навуковая група прааналізавала больш за 130 узораў вулканічных пародаў з раёна Галоўнага Эфіёпскага разлому. З дапамогай статыстычнага мадэлявання і аналізу хімічнага складу ўзораў даследнікі даказалі, што мантыйны плюм пад зонай Афар не стабільны: ён пульсуе, і менавіта гэтыя імпульсы ўдзельнічаюць у расцяжэнні літасферных плітаў.
«Гэта можна параўнаць з сэрцабіццём – імпульсы распаўсюджваюцца па разломах, як кроў па артэрыях», – растлумачыў суаўтар працы Том Джэрнан з Універсітэта Саўтгэмптана.
Тэмпы рыфтынгу (рассоўвання пліт) у гэтым раёне складаюць ад 5 да 16 міліметраў за год. Паводле словаў Уотс, працэс можа заняць мільёны гадоў, перш чым на месцы разлому з'явіцца новы акіян. «Мы не можам дакладна сказаць, калі гэта адбудзецца. Але геалагічна гэта ўжо пачатак акіянічнага басейна», – падкрэсліла яна.