ЕЗ рыхтуе новыя механізмы падтрымкі абароны Украіны
- 10.07.2025, 12:38
- 1,180

Еўракамісар у пытаннях абароны і космасу Андрус Кубілюс раскрыў падрабязнасці.
Еўразвяз можа найбліжэйшым часам абвясціць аб дадатковых механізмах падтрымкі абароннага сектара Украіны, напрыклад, у рамках супрацоўніцтва з украінскім АПК і новай праграмы EDIP.
Аб гэтым заявіў еўракамісар у пытаннях абароны і космасу Андрус Кубілюс, паведамляе «Укрінфарм».
«Мы шукаем пэўныя дадатковыя магчымасці, і яны, магчыма, будуць абвешчаныя тут, на канферэнцыі ў Рыме», - адзначыў ён.
З яго слоў, значную цікавасць да супрацоўніцтва з украінскай абароннай прамысловасцю ўжо праявілі некаторыя краіны. Акрамя таго, павінна запрацаваць Еўрапейская праграма абароннай прамысловасці (EDIP), якая ўключае інструменты падтрымкі Украіны.
Кубілюс прызнаў, што агульная вайсковая дапамога ЕЗ дагэтуль складала менш за 0,1% ВУП аб'яднання, і гэта «вельмі мала». У сувязі з гэтым ён прасоўвае ідэю «бяспечных пазык» і стварэння цэнтралізаванага механізму падтрымкі абароны Украіны менавіта на ўзроўні ЕЗ.