Летні наступ Расеі абярнуўся катастрофай для расейскіх вайскоўцаў
3- 10.07.2025, 14:42
- 8,812

Узровень стратаў дасягнуў гістарычнага максімуму.
З пачатку траўня падчас летняга наступу Расея страціла на фронце каля 31 000 забітых вайскоўцаў, піша The Economist.
Гэта рэкордны паказчык за ўвесь час поўнамаштабнага ўварвання: такіх маштабных стратаў не было нават у першыя месяцы вайны.
Паводле разлікаў выдання, усяго з 2022 года Расея страціла ад 900 тысяч да 1,3 мільёна чалавек забітымі і параненымі, з іх ад 190 да 350 тысяч загінула. Гэтыя звесткі заснаваныя на незалежных даследаваннях, спадарожнікавай выведцы і звестках заходніх выведвальных службаў.
Кошт “прарыву”
Нягледзячы на рэкордную колькасць стратаў, расейскія войскі не змаглі дабіцца значных тэрытарыяльных вынікаў.
Паводле разлікаў The Economist, за апошні год Расея ў сярэднім траціла аднаго вайскоўца дзеля прасоўвання на 0,038 квадратнага кіламетра.
Нават калі тэмпы наступу застануцца высокімі, поўны захоп чатырох анэксаваных вобласцей зацягнецца як мінімум да лютага 2029 года. А для поўнага захопу ўсёй тэрыторыі Украіны Крамлю, паводле ацэнак аналітыкаў, спатрэбіцца 89 гадоў.

“Апошні рывок" на фоне крызісу
Ваенныя аналітыкі папярэджваюць: гэтае лета можа стаць апошняй магчымасцю для Пуціна паспрабаваць правесці буйны наступ, паколькі расейскае войска знясіліла запасы бронетэхнікі і сутыкнулася з недахопам асабовага складу.
Як паведамлялі палонныя расейскія афіцэры, наступ ім прадстаўлялі як “апошні рывок”, які павінен пераламаць ход вайны. Але замест трыўмфу расейскія генералы атрымалі катастрафічную статыстыку.
Нават пры рэкорднай інтэнсіўнасці наступу фронт практычна не ссунуўся.

Ілюзіі Крамля
Нягледзячы на відавочную катастрофу, Пуцін працягвае сцвярджаць, што Украіна нібыта блізкая да калапсу і расейская перавага бясспрэчная, піша The New York Times.
На гэтым фоне заявы аб немагчымасці спынення баявых дзеянняў без капітуляцыі Кіева гучаць усё больш адарванымі ад рэальнасці. Летні наступ, які ператварыўся ў самую смяротную кампанію за тры гады вайны, дэманструе ўвесь кошт авантурызму Крамля.
Расея спальвае рэсурсы, страчвае дзясяткі тысяч людзей і забівае ўласную будучыню дзеля ілюзіі “перамогі”, якая з кожным месяцам становіцца ўсё больш недасяжнай.