ЗША плануюць пераканаць хаўруснікаў у NATO перадаць Украіне сістэмы Patriot
1- 10.07.2025, 17:25
- 2,302

Пра гэта заявіў Марка Рубіа.
ЗША хочуць абмеркаваць з хаўруснікамі ў NATO магчымасць перадачы Украіне сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot. Пакуль што ніхто не жадае дзяліцца такім узбраеннем.
Як перадае РБК-Украіна, пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа.
Ён нагадаў, што зараз Украіна мае патрэбу ў дадатковых батарэях Patriot. Такія сістэмы ёсць у некалькіх краінаў Еўропы, але дзяліцца ніхто не хоча.
- Калі Украіна сапраўды з'яўляецца прыярытэтам, як заяўляюць многія краіны Еўропы, то яны павінны быць гатовыя падзяліцца батарэямі, якія цяпер ім не патрэбныя. Спадзяюся, што нам удасца пераканаць некаторых нашых партнёраў у NATO даць гэтыя батарэі Patriot Украіне, таму што ёсць шэраг краін, якія іх маюць, але ніхто не хоча з імі расставацца, - дадаў дзяржсакратар.
Рубіа звярнуў увагу, што перадача Украіне такіх сістэм з'яўляецца важнай.
Дзяржсакратар таксама ўдакладніў, што ў Еўропе батарэі Patriot ёсць прынамсі ў Гішпаніі і Нямеччыне.
Разам з гэтым ёсць краіны, якія замовілі такія сістэмы і вось-вось іх атрымаюць.
- Было б выдатна, калі б адна з іх добраахвотна адклала гэтую партыю і адравіла яе ва Украіну. Таму мы шукаем спосабы забяспечыць Украіну гэтай абарончай зброяй, якая ёй патрэбная, - дадаў Рубіа.