Экспарт расейскага збожжа абрынуўся да мінімуму за 17 гадоў
2- 10.07.2025, 21:25
- 2,918

Распачаты экспартны сезон для расейскай пшаніцы стаў найгоршым з 2008 года.
Расея значна скараціла экспарт збожжа на сусветны рынак на фоне праблем з ураджаем, нізкіх коштаў і моцнага рубля, які ўдарыў па даходах фермераў, піша
Распачаты экспартны сезон для расейскай пшаніцы стаў найгоршым з 2008 года, паведамляе Reuters са спасылкай на звесткі Інстытута кан'юнктуры аграрнага рынку (ІКАР). Паводле ацэнак ІКАР, у ліпені з РФ за мяжу будзе прададзена 2 млн тон пшаніцы — практычна ўдвая менш, чым у тым жа месяцы год таму (3,6 млн тон). "Савэкон" прагназуе падзенне экспарту да 2-2,5 млн тон, а “Русагратранс” чакае 2,4 - 2,6 млн.
Жніво-2025, са звестак Мінсельгаса, адстае ад леташняга ў разы: на 2 ліпеня зборы збожжа склалі 3,8 млн тон супраць 16,5 млн годам раней.
Галоўны збожжавы рэгіён Расеі - Растоўская вобласць, на якую прыпадае кожная дзясятая тона сабранай у краіне пшаніцы, — сутыкнулася з наймацнейшай за некалькі гадоў засухай і, з прагнозаў уладаў, збярэ ў гэтым годзе самы нізкі за дзесяцігоддзе ўраджай. Летась, пасля некалькіх хваляў замаразкаў, у вобласці замест запланаваных 16 млн тон сабралі 11,4 млн, а ў гэтым годзе ўраджай можа знізіцца яшчэ на 20%, папярэджваў часовы выканаўца губернатара рэгіёну Юрый Слюсар. Раней ён абвясціў рэжым НС у 19 раёнах вобласці з-за засухі, якая таксама закранула поўнач суседняга Краснадарскага краю.
Фермеры прытрымліваюць збожжа, бо яго пастаўкі на экспарт нявыгадныя, і чакаюць, што кошты вырастуць, а рубель — упадзе. “Фермер знаходзіцца ў такім дрэнным становішчы, што ў гэтым сезоне ён будзе біцца за кожную капейку", — распавяла Reuters крыніца на рынку. Са слоў іншага суразмоўцы агенцтва з ліку экспарцёраў збожжа, дэфіцыт пшаніцы ўжо адчуваецца ў партах.
"Збожжа заходзіць у порт на два-тры тыдні пазней чаканняў экспарцёраў праз затрымку жніва, доўгага часу на атрыманне дэкларацый, нізкіх коштаў”, - кажа крыніца. Паводле яе слоў, у партах склалася сітуацыя, калі “тавар прададзены, а грузіць няма чаго”.
Расейскі Мінсельгас пакуль працягвае выпраменьваць аптымізм: паводле яго прагнозу, сукупны ўраджай збожжа ў краіне сёлета перавысіць леташні на 5 млн тон і складзе 135 млн тон. З гэтага аб'ёму 53-55 млн тон, паводле ацэнак ведамства, будзе адпраўлена на экспарт.