Два гады таму памёр палітвязень Алесь Пушкін
7- 11.07.2025, 12:06
- 3,002

Не забудземся, не прабачым.
Сёння - роўна два гады са дня смерці палітвязня, вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна. 11 ліпеня 2023 года ён памёр ад прабадной язвы ў рэанімацыі, куды яго даставілі з гарадзенскай турмы. Яму своечасова не надалі медыцынскую дапамогу.
Алесь Пушкін быў арыштаваны ў 2021 годзе, калі вяртаўся з Украіны ў Беларусь на сваю выставу. Беларускі мастак атрымаў 5 год калоніі строгага рэжыму за серыю партрэтаў удзельнікаў беларускага антысавецкага супраціву.
Беларускі мастак быў вядомы сваімі пэрформансамі. 25 сакавіка 1989 г. мастак прайшоў па праспекце Незалежнасці. На спіне і на грудзях у яго віселі плакаты з напамінам аб БНР, абвешчанай у гэты дзень роўна 71 год таму, а каля сотні аднадумцаў Пушкіна ішлі за ім з папяровымі бусламі і 71 белым балонікам у руках.
Свой самы вядомы перформанс - "Гной для прэзідэнта" - Алесь Пушкін правёў у ліпені 1999 года, на пяцігоддзе кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Са сваёй гаспадарцы ў Бабры мастак нагрузіў гноем старую тачку, паклаў зверху плакат «Аляксандр Лукашэнка з народам», таблічку «За пяцігадовую працу», тысячу дэнамінаваных рублёў, кайданкі і канстытуцыю з папраўкамі 1996 года, якія пашыралі паўнамоцтвы прэзідэнта. Накрыўшы тачку цэлафанам, ён адправіўся ў цэнтр Менска на мікрааўтобусе. Кіроўцу мастак сказаў, што вязе дэкарацыі ў тэатр Янкі Купалы, які знаходзіцца па суседстве з адміністрацыяй Лукашэнкі.
Калі ён падкаціў тачку да галоўнага ўваходу ў адміністрацыю, з будынку выбег міліцыянт: «Што вы робіце?!». Тады перформер перакуліў тачку на маставую, паклаў зверху партрэт Лукашэнкі і праткнуў яго віламі.