Лукашэнка разагнаў інфляцыю
3- 11.07.2025, 14:48
- 4,220

Прадукты ў Беларусі не толькі знікаюць, але яшчэ і даражэюць з непрыстойнай хуткасцю.
Харчовая інфляцыя ў чэрвені ў два з лішнім разы абагнала афіцыйныя прагнозы. Нядзіўна, што беларускія ўлады раптоўна так замітусіліся праз росту коштаў. Сапраўдны патэнцыял беларускай інфляцыі значна вышэйшы за яе бягучыя значэнні, піша planbmedia.
За чэрвень цэны прадуктаў у гадавым вылічэнні выраслі на 10,5 адсотка. Стрымліванне коштаў на нехарчовыя тавары не дапамагло вярнуць інфляцыю ў чэрвені ў адведзеныя ёй афіцыйным прагнозам рамкі.
На 1 ліпеня цэны ў гадавым вылічэнні выраслі ўжо на 7,3 адсотка. З пачатку году кожны месяц інфляцыя паскараецца. У траўні яна складала 7,1 адсоткі, а ў красавіку - 6,5. Пры тым, што паводле афіцыйнага прагнозу павінна быць не больш за пяць.
Атрымліваецца, нездарма ў чэрвені ўлады так мітусіліся з-за росту коштаў, што нават часткова скасавалі ўласную частковую коштавую лібералізацыю. Рэгуляванне цэн мясамалочнай прадукцыі і прысмакаў у другой палове месяца вярнулася. І нават у больш цвёрдым варыянце, чым той, які існаваў да частковага скасавання коштавага рэгулявання.
Аднак ні гэтыя меры, ні заявы пра коштавую стабілізацыю не дапамаглі. Прынамсі пакуль. Харчовая інфляцыя ў чэрвені была нават вышэйшай за майскую. За чэрвень прадукты падаражэлі на 1,7 адсоткі пасля росту на 1,3 адсоткі ў траўні.
Зрэшты, магчымае вяртанне коштавага кантролю дапамагло пазбегнуць яшчэ горшага сцэнару. Эксперт BEROC Анатоль Харытончык звярнуў увагу, што ў канцы чэрвеня Белстат апублікаваў удакладненне ацэнкі ВУП за першы квартал. Пры гэтым у выніку пераацэнкі дэфлятар ВУП павялічыўся ў два разы, з 6,4 да 11,8 працэнта.
У адрозненне ад індэкса спажывецкіх цэн, які характарызуе, уласна, спажывецкую інфляцыю, дэфлятар ВУП фіксуе рост цэн у эканоміцы ў цэлым, у тым ліку спажыванне дзяржорганаў, знешнегандлёвыя аперацыі і інвестыцыі. Гэта значыць, ужо ў першым квартале рост коштаў у эканоміцы ў два разы выперадзіў спажывецкую інфляцыю.
Таму атрымліваецца, што інфляцыя ў Беларусі мае патэнцыял для двухзначнага росту. Без жорсткага цэнавага рэгулявання яна ўжо па выніках першага квартала магла б быць вышэйшай за дзесяць адсоткаў.
Нядзіўна, што ўлады перапалохаліся і хуценька адступілі са сваёй коштавай лібералізацыяй. Інфляцыйны падстрэшак апынуўся напраўду большы за самыя песімістычныя адзнакі.
Але на частковую лібералізацыю коштаў улады пагадзіліся не ад добрага жыцця. І прычыны, праз якія яны гэта зрабілі, нікуды не падзеліся. Наадварот, як паказаў раптоўны дэфіцыт бульбы, сталі яшчэ большымі. Так што перад уладамі стаіць нялёгкі выбар. Хочуць яны, каб на ежу былі нізкія кошты, або каб ежа нікуды не знікала.